Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пах, ‑у, м.

Уласцівасць прадметаў, рэчываў дзейнічаць на органы нюху. Прыемны пах. □ [Маша] з прыемнасцю ўдыхала вільготны пах узаранай зямлі. Шамякін. Ад печанага сала па ўсіх лініях разносіцца прыемны пах. Лынькоў. У нос ударыў густы пах лякарстваў. Новікаў. Ёсць боль затоенай тугі У кволым паху звялых кветак. Жылка.

па́ха, ‑і, ж.

Унутраная частка плечавога выгібу. На завод спяшаліся рабочыя. Многія неслі пад пахамі кніжкі і сшыткі. Карпаў. Хлапчук падняў вопратку, моўчкі надзеў шапку, узяў пад паху халацік і знік за дзвярыма. Пальчэўскі. Роў зарос: трава, кусты, Крапіва па пахі. Гілевіч.

•••

Лахі пад пахі гл. лахі.

паха́бнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць нахабнага.

паха́бнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто гаворыць непрыстойныя, пахабныя словы. — Якую мараль, у сувязі з гэтым, вы прапанавалі б, паважаны эскулап? Палюбоўніца заўсёды мілей, тым больш, калі яна маладая, а жонка старая... — Вы пахабнік, — коратка адазваўся доктар. — Уся справа ў тым, што гэта жанчына была таксама яго... жонкай. Васілевіч.

паха́бніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да пахабнік.

паха́бны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Непрыстойны, бессаромны. Вэня міргнуў Стафанковічыку, той адказаў яму такім жа пахабным міргам. Чорны.

паха́бства, ‑а, н.

Разм. Непрыстойнасць, бессаромнасць.

паха́бшчына, ‑ы, ж.

Разм. Пахабныя словы, непрыстойная лаянка. Цяпер ён на кожнае іх запытанне пра рыбу будзе адказваць трапнай рыфмаванай і нерыфмаванай пахабшчынай. Крапіва.

пахава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пахавання (у 2 знач.). Пахавальны абрад. Пахавальная працэсія. Пахавальны звон. // Які скарыстоўваецца на пахаванні, прызначаны для пахавання. Ціха напяваючы пахавальны марш, байцы падымаюць нябожчыка. Глебка. // Які выконвае абрад пахавання, арганізуе пахаванне. Пахавальнае бюро. □ З грузавіка выйшлі трое ў такіх жа мышастых мундзірах, якія былі і на тых, што ляжалі на паляне. Гэта прыехала пахавальная каманда. Чыгрынаў.

2. у знач. наз. пахава́льная, ‑ай, ж. Разм. Паведамленне з дзеючай арміі пра смерць, гібель ваеннаслужачага. Бацьку забралі ў салдаты, і прыйшла ў пачатку сорак пятага на яго пахавальная. Б. Стральцоў. [Аня:] — Атрымала маці пахавальную, а нас пяцёра каля яе. Шамякін.

пахава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пахаваць.

2. Абрад, цырымонія хавання нябожчыка. Людзі разыходзіліся з пахавання панурыя, маўклівыя. Лынькоў. Якраз на самым рассвітанні Міхал вярнуўся з пахавання. Колас.

3. Месца, дзе пахаваны хто‑н.; магіла. Раскопкі пахаванняў даюць шмат каштоўных археалагічных матэрыялаў, дапамагаюць вывучаць вераванні і звычаі нашых продкаў. Штыхаў.