Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пагаблява́ны і пагаблёваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пагабляваць.

пагаблява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

1. Габлюючы, зрабіць гладкім. Пагабляваць дошку.

2. Выгаблеваць усё, многае.

3. і без дап. Габляваць некаторы час.

пагава́рваць,

гл. нагаворваць.

пагавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак.

1. Гаварыць некаторы час. Прыемна было пагаварыць з гасцямі на іх мове. Брыль. [Лабановіч:] — А, гэта ты, бабка! Ну, прысядзь, пагаворым трохі! Колас. // Абмеркаваць што‑н., абгаварыць. На зборы Міша ўнёс прапанову пагаварыць аб дысцыпліне. Якімовіч.

2. Перагаварыць аб чым‑н. [Карнейчык:] Я пагавару з начальнікам цэха. Крапіва. Ціма Дакутовіч ніяк не мог выбраць момант, каб сам-насам пагаварыць з дзядзем Косцем. Шчарбатаў.

пагаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Гавець некаторы час. Пагавець яшчэ дзень.

пагаво́рваць і пагава́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Гаварыць аб чым‑н. час ад часу або з некаторага часу. Тут усе пагаворваюць аб салігорскім народным тэатры. Кулакоўскі. Шмат хто з калгаснікаў, у якіх хаты старыя, сталі пагаварваць адносна пабудовы камяніц. Гурскі. // Перадаваць чуткі. У раёне пачалі пагаворваць пра з’яўленне банды. Паслядовіч.

па́гада, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Будыйскі храм у краінах Далёкага Усходу.

[Скажонае санскр. «бхагават» — божы, святы.]

пагадава́цца, ‑дуемся, ‑дуецеся, ‑дуюцца; зак.

Выгадавацца, вырасці — пра ўсіх, многіх. Жонкі ў .. [Піліпа Андрэевіча] няма, а дзеці пагадаваліся ўжо і ўсе трое жывуць, як кажуць, на сваім хлебе. Кулакоўскі.

пагадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., заг. пагадуй; каго.

1. Выгадаваць, вырасціць усіх, многіх. — А яшчэ, не дай божа, бацька не вернецца з вайны, то хто дзяцей пагадуе. Лобан.

2. і без дап. Гадаваць некаторы час.

пагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Тое, што і паваражыць.