Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паж, ‑а, м.

1. У сярэднія вякі — падлетак, юнак дваранскага роду, які служыў пры двары караля або буйнога феадала. Паж каралевы. // перан. Іран. Аб мужчыне, які аддана адносіцца да жанчыны, дагаджае ёй.

2. У царскай Расіі і краінах Заходняй Еўропы — малодшая прыдворная пасада.

3. У царскай Расіі — выхавальнік Пажскага корпуса.

[Фр. page.]

пажабрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Жабраваць некаторы час.

пажабра́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Тое, што і пажабраваць.

пажава́ны і пажо́ваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пажаваць (у 2, 3 знач.).

пажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; ‑жуём, ‑жуяце; зак.

1. што і без дап. Жаваць некаторы час. Заклейваючы папяросу,.. [Нахлябіч] доўга слініў паперу языком, пасля пажаваў яе. Чорны. // чым. Разм. Зрабіць некалькі жавальных рухаў. [Стары] паглядзеў на ваду, .. на лазнякі, на чыстае, як добрае шкло, неба і пажаваў сківіцамі: гэта ж ён, на Дняпры! Лупсякоў.

2. што, чаго і без дап. Разм. Паесці крыху. Схаваўшыся пад маладую разлапістую яліну, .. [Ядвіся] развязала хатулёк, без смаку пажавала адсырэлы хлеб. Асіпенка. Неўзабаве па свежых заечых слядах завіталі на лясную дарогу лісіцы. Не духмянага сена, вядома, пажаваць, а ў надзеі зайчацінай пажывіцца. Ігнаценка. — Конь вунь змарыўся. Няхай пажуе трохі. Якімовіч.

3. што. Разм. Сапсаваць, жуючы.

пажада́на, безас. у знач. вык.

Карысна, неабходна; хацелася б. — Прачытайце ўсё, што напісана па данай тэме класікамі; пісьменнікамі, артыстамі, філосафамі. Пажадана асобныя мясціны вывучыць на памяць. Пянкрат.

пажада́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць пажаданага.

пажада́нне, ‑я, н.

1. Выказанае словамі жаданне, часцей чаго‑н. добрага, адрасаванае каму‑н. Пажаданне поспеху. □ Для кожнага ў.. [італьянкі] было напагатове слова падзякі ці проста пажаданне ўсяго добрага ў жыцці і працы. Лынькоў.

2. Прапанова, патрабаванне. Выказаць свае пажаданні. □ Адзін за адным .. [наведвальнікі] заходзілі ў кабінет, выкладвалі свае просьбы, меркаванні, пажаданні. М. Ткачоў.

пажада́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які патрэбны; які адпавядае інтарэсам, патрабаванням. Пажаданыя вынікі. Пажаданы кірунак падзей. □ Грушэўскі адчуў чамусьці непакой за сход: абмеркаванне даклада, а потым вылучэнне кандыдатур магло пайсці не ў пажаданым парадку. Карпюк.

2. Такі, якога чакаюць; жаданы. [Лабановіча і Тукалу] лічылі самымі вясёлымі і пажаданымі людзьмі, якія нікому нічога благога, апроч саміх сябе, не зрабілі. Колас. // Прыемны, мілы. Я лаўлю гэтак добра знаёмы і так пажаданы пах. Брыль.

пажада́цца, ‑аецца; зак., безас.

Захацецца чаго‑н. І працоўным нашым людзям, Што ім пажадаецца, Па савецкаму закону Ўсё ў жыцці збываецца. Русак.