Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пафанабэ́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Фанабэрыцца некаторы час. Палікар быў чалавек не благі, толькі любіў крыху пафанабэрыцца. Якімовіч.

пафантазі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Фантазіраваць некаторы час. [Ламко] і сам часам любіў пафантазіраваць. Шахавец.

пафарбава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пафарбаваць.

2. у знач. прым. Пакрыты фарбай. Хаты былі далекавата адна ад адной, сям-там ашаляваныя, з пафарбаванымі аканіцамі. Пальчэўскі. Каля пафарбаванага агародчыка, насупроць Паўлавага дамка, спынілася некалькі чалавек. Кулакоўскі.

пафарбава́цца, ‑буецца; зак.

1. Пакрыцца, насыціцца фарбай, чым‑н. фарбуючым. Тканіна добра пафарбавалася.

2. Набыць які‑н. колер, адценне. Белае малако далёкіх лёганькіх аблачынак пафарбавалася ў ружовы колер захаду. Мурашка.

пафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.

1. Пакрыць або насыціць фарбай ці іншым фарбавальным рэчывам. [Зыбін:] — Пабялілі наш дом, сам бачыў. Падлогу пафарбуюць, — тыдзень, другі і, калі ласка: уваходзь, гаспадыня!.. Мележ. [Гэлька] адрэзала метровай даўжыні кавалак палатна, пафарбавала пад колер летняга ранішняга неба. Сташэўскі.

2. Надаць чаму‑н. які‑н. колер. Пафарбавала восень пазалотай Над возерам заспаныя лясы. Астрэйка. Сорам пафарбаваў у чырвонае Любіны шчокі. Мурашка. За вокнамі ўжо чырвоным заравам пафарбавала сонца небакрай. Сабаленка.

пафарбо́ўка, ‑і, ДМ ‑боўцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. пафарбаваць (у 1 знач.).

пафарсі́ць, ‑ршу, ‑рсіш, ‑рсіць; зак.

Фарсіць некаторы час. [Тамаш:] — Чаму яна босая ходзіць?.. Каб чаравік[аў] у гразь не запэцкаць. А падыдзе пад мястэчка.., абуе чаравікі і пафарсіць па мястэчку. Чорны. // Пахваліцца, выстаўляючы што‑н. напаказ. Пан Вашамірскі захацеў пафарсіць перад госцем, ляснуў па баках жарабца канчуком і панёсся, як вецер. Бядуля. Учора было позна, і Кастусь не паспеў нагуляцца з ёю і пафарсіць, і маці адабрала планшэтку і схавала ў куфар, а яго пратурыла спаць. Кудравец.

па́фас, ‑у, м.

1. Уздым, запал, а таксама знешняе іх праяўленне. Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам. Колас. Вейс адчуваў, як знікае ўвесь пафас, увесь уздым, з якім гаварыў ён сваю прамову. Лынькоў. Гаварыў Мілоўскі прыўзнята, з пафасам, і з пафасам скончыў сваю прамову. Галавач.

2. чаго або які. Уздым, натхненне, энтузіязм, выкліканыя якой‑н. высокай ідэяй. Рэвалюцыйны пафас. □ Пафас працы ў паэзіі маладога Купалы зліваецца з пафасам рэвалюцыі, з абуджэннем і ўздымам народнай самасвядомасці. Івашын.

3. Сутнасць, асноўная ідэя, накіраванасць чаго‑н. Царскія чыноўнікі адразу ўлавілі сацыяльны пафас і рэвалюцыйную накіраванасць паэзіі Ф. Багушэвіча. С. Александровіч. Акалічнасць гэта абумовіла асноўны пафас аповесці — рэвалюцыйнае адмаўленне старога і ваяўнічае сцвярджэнне новага, сацыялістычнага. Майхровіч.

па́фасны, ‑ая, ‑ае.

Які выражае пафас, прасякнуты пафасам (у 1 знач.). Рытм вершаў Багушэвіча заўсёды выразны, эмацыянальны, пафасны, арыгінальны. Ларчанка. На апошнім этапе вайны, калі перамога над ворагам станавілася блізкай, часцей з’яўляліся патэтычныя, пафасныя творы. Гіст. бел. сав. літ.

пафастрыгава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пафастрыгаваць.