Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пас 1, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма. Малатарня ўжо стаяла напагатове, злучаная пасам з Ладуцькавым трактарам «Беларусь». Хадкевіч. Глуха застукала турбіна, ляснуў пас, тонка заспяваў ненагружаны генератар. Шамякін.

2. Тое, што і пояс (у 1 знач.), пасак. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны, Ходзіць, рукі залажыўшы За той пас раменны. Колас. // Паласа. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ. Кудысьці ўдаль рассцілаецца жаўтаваты пас гладкай, нібы ток, дарогі. Бядуля.

пас 2, ‑а, м.

Перадача мяча, шайбы і пад. каму‑н. з ігракоў сваёй каманды ў спартыўнай гульні. Дакладны пас.

[Ад англ. pass — перадаваць.]

пас 3, выкл.

1. Пры гульні ў карты — вокліч аб адказе ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.

2. перан.; у знач. вык. Разм. Няма сіл, магчымасцей; вымушаны адмовіцца што‑н. рабіць (зрабіць). Аматар траскатні з трыбуны ўзнімае «шквал» Пра статыстычны «вал», Як аб прагрэсе, дасягненні веку... А што дае канкрэтнаму ён чалавеку, Як паляпшае дабрабыт ён мас — Аратар «пас». Валасевіч.

[Ад фр. (je) passe — прапускаю, не гуляю.]

пасабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да пасобіць.

пасава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.

1. Перадаваць мяч адзін другому, перакідвацца мячом.

2. Зал. да пасаваць ​2.

пасава́ць 1, ‑суе; незак.

Падыходзіць, адпавядаць каму‑, чаму‑н. Голас .. [Любы] быў пявучы і таксама, як і твар, страшэнна не пасаваў да ўсяго яе выгляду. Чорны. Да яго постаці вельмі пасавала вайсковая форма, якую ён, як кіраўнік мясцовай групы «Стшэльца», надзяваў у кожнае свята. Чарнышэвіч. Тонкія рысы твару неяк не пасавала да такога дужага асілка, якім быў Андрэй. Ваданосаў.

пасава́ць 2, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што і без дап.

Перадаваць адзін другому мяч, шайбу і пад. у спартыўнай гульні. Дзеці забаўляліся каля гімнастычнага гарадка, пасавалі мяч. Беразняк. Гульня пайшла яшчэ весялей, з жартамі і смехам. Хлопец у белай шапачцы стаяў насупраць Васіліны, пасаваў увесь час на яе, і яна спачатку хвалявалася. Савіцкі.

[Ад англ. pass — перадаваць.]

пасава́ць 3, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

1. Пры гульні ў карты адмовіцца ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.

2. перан.; перад кім-чым і без дап. Прызнаваць сябе бяссільным перад чым‑н.; здавацца. Я не хацеў пасаваць перад братам і, хаця абліваўся ўвесь потам, аж прыгнуўся — стараўся захапіць як мага шырэйшы пракос. Сачанка.

пасаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і пасалавелы.

пасаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і пасалавець.

па́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паса ​1. Пасавае кола сячкарні.

паса́г, ‑у, м.

Маёмасць, якую давалі бацькі або родзічы маладой, калі тая выходзіла замуж. У таго [Рыгора] дзяцей усяго двое было: сын ды дачка, і ён дачцэ ў пасаг даў дзесяць дзесяцін зямлі. Галавач. Марцін жэніцца на гандляровай дачцэ, бярэ ў пасаг грошы і тут, у горадзе, вялікі дом з лясной крамай. Карпюк. [Міхась:] Але, не ўсе ж на пасаг квапяцца. Вось я таксама з батрачкай жанюся. Козел.

паса́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Гіст. У 10–18 стст. — гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной. Месцам канцэнтрацыі гандлёва-рамесніцкага насельніцтва з’яўлялася другая частка горада — пасад, які ўзнікаў звычайна ўздоўж берага ракі. Штыхаў.

2. Гіст. Прыгарад, прадмесце, пасёлак. Але гэта яшчэ не горад, а так званы пасад — пасяленне прасталюдзінаў. Жычка.

3. Рад снапоў, пакладзеных на ток для абмалоту. Пасля поўдня, хоць пасад і не быў дамалочаным, [Тарэнта] у ток не пайшоў, а выбраўся на тарфяную станцыю да сына. Галавач.

4. Уст. У вясельным абрадзе — месца (звычайна дзяжа, накрытая кажухом), куды садзілі нявесту. Узялі матчыну хлебную дзяжу, паклалі ў яе хлеба, солі, накрылі .. кажухом — вось ён і пасад. Дубоўка. // Разм. Месца, сядзенне. У творчыя дні Канстанцін Міхайлавіч пакідаў свой пасад пад вязам хутка. Лужанін. // перан. Становішча, месца. Занімай, Беларусь маладая мая, Свой пачэсны пасад між народамі!.. Купала. Ён [пан] музыкам быў у замку, Капельмайстра меў пасад. Колас.

•••

Пасад садзіць гл. садзіць.

паса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Месца на службе, звязанае з выкананнем пэўных абавязкаў. Пасада старшыні. □ Ад злосці больш яшчэ чарнее [ляснічы], З астатніх слоў Міхася лае, З пасады выгнаць пагражае. Колас. Бацька працаваў падзённа на чыгунцы, пасля яго прынялі на штатную пасаду рамонтным рабочым пад Магілёвам. С. Александровіч.

2. Уст. Сядзіба. На горцы ціхай, невысокай, Каля засценка недалёка, У бок дарогі, ў глыбі сада Стаяла панская пасада. Колас.