пал, ‑у, м.
1. Разм. Тое, што і запал 1 (у 2 знач.). Пытанне, кінутае ў натоўп так проста і неспадзявана, ахаладзіла пал сялянскай злосці. Колас. Крэмез.. з палам даводзіў Размысловічу: — Укладзёмся да трыццатага. От пабачыш! Шынклер.
2. Абл. Павышаная тэмпература цела пры хваробе; гарачка. Сцягнуўшы з печы .. старую, вынашаную сівую суконную жакетку, [маці] ускінула на ногі [Тані]. — Гарыць агнём... Пал у дзяўчыны. Пташнікаў.
пала́, ‑ы; мн. полы, ‑аў; ж.
1. Тое, што і крысо. Полы кажушка канчаліся пашматованымі, абтрэпанымі лахманамі, якія .. пры ветры рабілі вельмі смешныя рухі. Колас.
2. Кавалак тканіны ў натуральную шырыню (як саткана); полка. На ёй [вясне] — хусцінка ў мігценні зор, На ёй — сукенка ў дванаццаць пол. Танк.
пала́бскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да палабаў. Палабскія славяне. Палабская мова.
пала́бы, ‑аў; адз. палаб, ‑а, м.; палабка, ‑і, ДМ ‑бцы; мн. палабкі, ‑бак; ж.
Вялікая група заходнеславянскіх плямён, якія насялялі ўзбярэжжа Балтыйскага мора ад ракі Лабы [Эльбы] да ракі Одры [Одэра].
палаве́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да полаўцаў, уласцівы ім. Палавецкія танцы.
палаве́ць, ‑ее; незак.
Набываць палавы колер. Ячмень, следам за жытам, пачынае палавець, і палетак у жаўтлявых плямах выглядае стракатым. Хадкевіч. Бралася на дзень, неба палавела. Чорны. // Вызначацца сваім бледна-жоўтым колерам. На паліраваных багетах палавеў пыл. Чыгрынаў.
палаві́к, ‑а, м.
Вузкі доўгі дыванок з грубай тканіны, які рассцілаецца па падлозе. Уздоўж сцен — высокія, ледзь не пад столь, фікусы, падлога заслана палавікамі, на сценах — дываны. Навуменка. Прыйшоўшы дадому ... [Варвара] па звычцы спынілася ў дзвярах — выцерла ногі аб палавік. Васілевіч.
палаві́на, ‑ы, ж.
1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак. Колас. Да палавіны [сасны] піла ішла лёгка, а далей стала заядаць. Якімовіч. [Маша:] — Добра табе, Вася, разважаць, калі ў цябе ўсё сена ў стагах ужо. А ў нас яшчэ палавіна — у пакосах. Шамякін. Налёт збіў немцаў з усякага панталыку, тым больш, што партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў.
2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежку часу і пад. Мне стала маркотна і сцішна. На палавіне мае дарогі .. стаяў цёмны лес. Колас. У другой палавіне [сакавіка] месяца дзень з ноччу мераецца даўжынёй — дзеляць суткі папалам. «Звязда». // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Палавіна восьмай вечара.
3. Рухомая прымацаваная частка якога‑н. парнага прадмета. Палавіна варот. □ Шырока раскінуты дзвюма палавінамі чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. Чорны.
4. Асобная частка жылога памяшкання. Дом быў з дзвюх палавін. Двое асобных дзвярэй з ганкамі ў двор. Арабей. Хата, як большасць хат у нашых больш-менш багатых вёсках, мела дзве палавіны: «заднюю», у якой ледзь не палову займала руская печ, і «пярэднюю» — светлую. Шамякін.
5. (звычайна са словамі «мая», «твая» і г. д.). Пра жонку ці мужа.