па́ша, ‑ы, ж.
Месца, дзе пасецца жывёла; выпас. Аднекуль данеслася звонкае лясканне пугі пастуха, які збіраў па вёсцы кароў на пашу. Хадкевіч. Наступіла вясна, жывёла выйшла на пашу, на лугі. Марціновіч.
пашаба́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.
Разм. Кончыць або перапыніць работу. Цесляры пашабашылі, пайшлі абедаць.
пашаве́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Час ад часу, злёгку шавяліцца. Лісце на дрэвах пашавельвалася.
пашаве́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што або чым.
Час ад часу, злёгку шавяліць. Малое спала і толькі губкамі пашавельвала. Лобан. Вецярок злёгку пашавельвае .. [Сцяпанаў] пасівелы чуб. Пестрак.
па́шавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пашы. Пашавыя ўгоддзі. // Звязаны з кармленнем, утрыманнем жывёлы на пашы. Пашавы перыяд. Пашавая жывёлагадоўля.
пашавялі́цца, ‑вялюся, ‑велішся, ‑валіцца; зак.
Злёгку парухацца, паварушыцца. У калысцы пашавялілася дзіця. □ Ціхан быццам ачнуўся, пашавяліўся, але застаўся на месцы. Сташэўскі.
пашавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑валіць; зак., што або чым.
Прывесці ў рух, злёгку парухаць; паварушыць. Ляснік прычыніў дзверцы ў печцы, пашавяліў галавешкі. Ігнаценка. Возчык пашавяліў лейцамі, конь рушыў барзджэй — дарога кіравала ўніз. Быкаў. Кірыла Фаміч падышоў да хлопчыка і гулліва пашавяліў вусамі. Кулакоўскі.
пашале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Ашалець, стаць шалёным — пра ўсіх, многіх. Коні ўжо як бы пашалелі, яны не беглі, а ляцелі, і здавалася, што ўжо ніякая сіла не спыніць іх, не затрымае. Сабаленка.
2. Разм. Пабыць некаторы час у стане крайняга раздражнення. [Беразоўскі:] — Ты, Макар, у пакой не лезь! Ацірайся на кухні. Забаўляй гэтую рыжую Мар’яну. Няхай трохі пашалее Кашч. Чарнышэвіч.
пашалява́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пашаляваць.
пашалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.
1. Абабіць, абшыць што‑н. шалёўкай; абшаляваць. Пашаляваць хату.
2. і без дап. Шаляваць некаторы час.