памага́ты, ‑ага, м.
1. Той, хто памагае каму‑н. у чым‑н.; падручны (у 2 знач.). [Яўхім:] — З мяне касец, сама ведаеш, які. А вось Рыгор можа табе падсабіць... Дамаўляйцеся.. — Не, — цвёрда кажа цётка. — Як-небудзь і без памагатых абыдземся. Жычка. Усім выглядам сваім Саша паказвае, што лейцы кіраўніцтва ён бярэ ў свае рукі, а Веньямін толькі памагаты. Навуменка.
2. Прыслужнік, гатовы на любыя дзеянні, учынкі. Царскія памагатыя збіліся з ног, шукаючы патайную друкарню, няўлоўнага і загадкавага Яську. С. Александровіч.
памага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да памагчы.
•••
Памагай бог (уст.) — пажаданне поспеху, удачы ў працы, добрай справе.
памагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; пр. памог, ‑магла, ‑магло; заг. памажы; зак.
1. Аказаць дапамогу, садзеянне, падтрымку ў чым‑н. Памагчы грашыма. Памагчы пабудавацца. □ [Іван:] — Тут.. прарэзаць дзірку наскрозь цяжка будзе.. — Нічога. Я табе памагу, — падтрымаў Арцём. — Будзем рэзаць напераменку. Ставер. Прывіталіся [сыны].., пагаварылі. Старэйшы сын нават молат у рукі ўзяў — памог кавалю парог выкаваць. Якімовіч. [Зося:] — Ты паслухай.. Можа ты ведаеш [у каго крадзеныя грошы], то памажы следчым. Чорны. // Выратаваць, выручыць. [Човен] гойдаўся на хвалях і, здавалася, вось-вось схаваецца пад імі.. Лена стаяла на беразе і не ведала, як памагчы чалавеку. Ваданосаў. — Матуля, памажы мне! — Яшчэ ўсё задыхана шаптаў.. [палонны]. Брыль.
2. Аказаць патрэбнае дзеянне, даць патрэбны вынік. Лякарства памагло. □ Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Танк. Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць. Асабліва аддаваўся адпачынку ў нерабочую суботу, а пасля — нядзелю.. Але, урэшце, і гэта не памагло. Цераз сем месяцаў мускулы звалі. Пестрак.
пама́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Пахучая касметычная мазь. Губная памада. □ Ад.. [валасоў Клавы] па-асабліваму пахла мылам і нейкай памадай. Асіпенка.
[Фр. pommade.]
пама́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
1. Мазацца памадай. Не любіць.. [Ніна], як іншыя вясковыя модніцы, памадзіцца, мяняць кожную нядзелю прычоску. Кухараў.
2. Зал. да памадзіць.
пама́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., каго-што.
Мазаць памадай.
пама́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Сорт мяккіх духмяных цукерак.
пама́дны 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да памады, уласцівы ёй. Памадны пах.
пама́дны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да памадкі; зроблены з памадкі. Памадная цукерка.
памаёмасны, ‑ая, ‑ае.
Які збіраецца, бярэцца з маёмасці. Памаёмасны падатак.