пат 1, ‑а, М паце, м.
Становішча ў шахматнай гульні, калі ігрок не можа зрабіць чарговага ходу, не падставіўшы пад удар свайго караля, і калі партыя лічыцца нічыёй.
[Фр. pat.]
пат 2, ‑у, М паце, м.
Сорт пасцілы.
•••
Жамчужны пат — густая маса серабрыстага колеру, знешне падобная на перламутр, якая прымяняецца для пакрыцця паперы, шкляных пацерак і інш.
[Ад фр. pâte — цеста.]
патава́ць, патую, патуеш, патуе; незак., што.
У шахматнай гульні — ставіць у пазіцыю пата 1. Патаваць караля.
па́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пата 1. Патавае становішча.
патагене́з, ‑у, м.
Спец. Паслядоўнасць узнікнення і развіцця ў арганізме якога‑н. паталагічнага працэсу ці хваробы ў цэлым, а таксама раздзел паталогіі, які вывучае гэты працэс.
[Ад грэч. páthos — хвароба і genesis — паходжанне, нараджэнне.]
патагене́зіс, ‑у, м.
Спец. Тое, што і патагенез.
патагенеты́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да патагенезу.
патаге́нны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Хваробны, хваробатворны. Патагенныя бактэрыі.
[Ад грэч. páthos — хвароба і gennao — раблю.]
патаго́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае ўзмоцненае выдзяленне поту. Патагонныя сродкі. // у знач. наз. патаго́ннае, ‑ага, н. Сродак, лякарства, якія выклікаюць ўзмоцненае выдзяленне поту. Прапісаць патагоннае. Выпіць патагоннае.
2. перан. Які надта стамляе, вымотвае ўсе сілы. Патагонная сістэма працы.
патае́мнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць патаемнага. Стагоддзі зямля маўчала, і людзі хадзілі па ёй і звыкліся з яе патаемнасцю. «Звязда». // Тайна, сакрэт. І бацюшка знарок ездзіў у Вільню, хадзіў там аж тры дні, пакуль знайшоў патрэбнае. Вось толькі не мог дадумаць, каму б .. даверыць тую патаемнасць. Прыглядваўся бацюшка да палешукоў, прыкідваў, хто б не падвёў. Кірэйчык.
патае́мнік, ‑а, м.
Разм. Тое, што і тайнік. Якуб дастаў з патаемніка кавалак гаспадарчага мыла. Лупсякоў. [Міхалка] рабіў драўляныя скрыначкі з патаемнікамі, якія не кожны мог адчыняць. Бядуля.