паба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.
Разм.
1. Затрымацца; памарудзіць. Ужо трэба было званіць на ўрок, хоць вучні толечкі выбеглі з класаў. Стары пабавіўся: хай пагуляюць, пабегаюць. Сабаленка.
2. Пагуляць, пазабаўляцца некаторы час. — Вось, калі ласка, падмацуйцеся трошкі, а дзеці няхай пабавяцца пару хвілінак, — лагодна сказала гаспадыня. Колас.
паба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., што.
Разм. Патраціць або нейкім чынам правесці час. [З. Бядуля] любіў з кіёчкам пахадзіць па родным горадзе, пабачыцца з блізкімі знаёмымі, у цікавай сардэчнай гутарцы пабавіць час. Хведаровіч.
пабагаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць багацейшым. На развітанні Мартын сказаў Аўгіні: — Ты ж глядзі Алесі. Пабагацею, дапамогу і ёй і табе. Колас.
пабадзёраць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Стаць больш бадзёрым. Мужчыны, як і водзіцца на ад’ездзе, крыху выпілі, забыліся на сваю бяду і пабадзёралі ці хацелі здавацца бадзёрымі. Лужанін.
пабадзя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Разм.
1. Пацягацца, павалачыцца; павандраваць. Пабадзяцца па свеце. □ Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў [людзей]. Пташнікаў.
2. Пахадзіць, пагуляць без пэўнай мэты. Пабадзяцца па лесе. □ Тарэнта адчыніў вароты і каня з хл[я]ва выгнаў на двор. — Ідзі хоць пабадзяйся трох[і] па кустах. Галавач.
пабажы́цца, ‑бажуся, ‑божышся, ‑божыцца; зак.
Паклясціся імем бога, каб пацвердзіць свае словы. Ліпніцкі пабажыўся, што нікому не данясе... Чарот. Усе ўтрох пабажыліся, што гэта шчырая праўда. Крапіва.
пабайчэ́ць, ‑чаю, ‑чэеш, ‑чэе; зак.
Разм. Стаць больш бойкім. У вагоне людзі ажывіліся, павесялелі, пабайчэла іх гутарка, пазванчэў смех. Адамчык.
паба́лавацца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; зак.
1. Балавацца, сваволіць некаторы час. Пабалаваліся і годзе.
2. Атрымаць задавальненне ад чаго‑н. — Дай костку .. [Апацею Еўдаксеевічу], не шкадуй... Няхай пабалуецца, ліха копчанае... Лынькоў.
паба́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго.
1. Праяўляючы ўвагу да каго‑н., песцячы, даць адчуць задавальненне. Пабалаваць дзіця. Пабалаваць увагай.
2. Балаваць некаторы час.
пабала́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Балакаць некаторы час. [Крэшчык] любіць кампанію вышэйшага палёту, любіць пасядзець, пабалакаць, парагатаць. Колас.
2. Пагаварыць аб дробязях. [Віктару] не маўчалася, цягнула яшчэ пабалакаць з бацькам, паблазнаваць. Карпаў.