Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паэ́зія, ‑і, ж.

1. Мастацкая, пераважна вершаваная, творчасць. Асветленая і сагрэтая полымем рэвалюцыі 1905–1907 гадоў, паэзія Янкі Купалы стала голасам беларускага народа. Палітыка.

2. Творы, напісаныя вершаванай мовай; проціл. проза. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам, хіба толькі аматары паэзіі ўспомнілі невялікую кніжку ў блакітнай вокладцы — першы яго зборнік. Хадкевіч. [Сцёпка:] — І адкуль ты ўзяў, што я паэзіі не люблю? Сапраўдную паэзію ўсе любяць. Колас. // Сукупнасць вершаваных твораў якога‑н. народа, эпохі і пад. Пралетарская паэзія. Рамантычная паэзія.

3. перан. Што‑н. прыгожае, велічнае, узвышанае, што хвалюе, уздзейнічае на пачуцці. Паэзія прыроды. Паэзія працы. □ І гэты ясны дзень, і гэтыя краявіды, поўныя паэзіі, і гэтыя весткі аб новым месцы, сабраныя ў дарозе, — усё гэта памацняла той добры настрой, у якім пад’язджаў Лабановіч да Пінска. Колас.

[Грэч. póiēsis.]

паэкзаменава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго.

Разм. Экзаменаваць некаторы час. — Можа, паэкзаменуеце маіх вучняў? — спытаў Лабановіч Саханюка. Колас.

паэкземпля́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кожнага экзэмпляра. Паэкземплярная праверка кніг.

паэ́ма, ‑ы, ж.

1. Вялікі вершаваны твор з апавядальным або лірычным сюжэтам. Лірычная паэма. □ У першапачатковы варыянт паэмы «Сцяг брыгады» была ўключана невялікая песня-легенда пра музыку-цымбаліста. Гіст. бел. сав. літ.

2. перан. Пра што‑н. прыгожае, велічнае, незвычайнае. Нашы дні — паэмы-былі, Сказ нідзе нячуты. Колас. Сама ты, радзіма, жывая паэма. Глебка.

3. Музычны твор свабоднай формы з лірычным зместам. У канцэртах аркестра гучалі ўсе сімфоніі Чайкоўскага, яго ўверцюры, паэмы. «Беларусь».

[Грэч. póiēma.]

паэ́т, ‑а, М паэце, м.

1. Аўтар вершаваных паэтычных твораў. Янка Купала — народны паэт, класік беларускай літаратуры. Івашын. У пачатку 20‑х гадоў на літаратурнай ніве з’яўляецца цэлая плеяда маладых паэтаў і празаікаў. Майхровіч. // Пра мастака любога віду мастацтва, творы якога вызначаюцца паэтычнасцю, лірызмам.

2. Пра чалавека ўзвышанай, паэтычнай натуры. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.

[Грэч. poiētē.]

паэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і паэтэса.

паэтызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паэтызаваць.

паэтызава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да паэтызаваць.

паэтызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Падаць (падаваць) у паэтычным, узнёслым выглядзе; успрыняць (успрымаць) паэтычна каго‑, што‑н. Якуб Колас паэтызуе самыя звычайныя з’явы прыроды. Казека. Багдановіч паэтызаваў перш за ўсё драмы і трагедыі сваёй сучаснасць: убачанае ім у вёсцы і горадзе, звязанае з яго роздумам над эпохай увогуле. Лойка.

паэтыза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. паэтызаваць.