пас 1, ‑а, м.
1. Прыстасаванне для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма. Малатарня ўжо стаяла напагатове, злучаная пасам з Ладуцькавым трактарам «Беларусь». Хадкевіч. Глуха застукала турбіна, ляснуў пас, тонка заспяваў ненагружаны генератар. Шамякін.
2. Тое, што і пояс (у 1 знач.), пасак. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны, Ходзіць, рукі залажыўшы За той пас раменны. Колас. // Паласа. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ. Кудысьці ўдаль рассцілаецца жаўтаваты пас гладкай, нібы ток, дарогі. Бядуля.
пас 2, ‑а, м.
Перадача мяча, шайбы і пад. каму‑н. з ігракоў сваёй каманды ў спартыўнай гульні. Дакладны пас.
[Ад англ. pass — перадаваць.]
пас 3, выкл.
1. Пры гульні ў карты — вокліч аб адказе ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.
2. перан.; у знач. вык. Разм. Няма сіл, магчымасцей; вымушаны адмовіцца што‑н. рабіць (зрабіць). Аматар траскатні з трыбуны ўзнімае «шквал» Пра статыстычны «вал», Як аб прагрэсе, дасягненні веку... А што дае канкрэтнаму ён чалавеку, Як паляпшае дабрабыт ён мас — Аратар «пас». Валасевіч.
[Ад фр. (je) passe — прапускаю, не гуляю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)