пажаваць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; ‑жуём, ‑жуяце; зак.
1. што і без дап. Жаваць некаторы час. Заклейваючы папяросу,.. [Нахлябіч] доўга слініў паперу языком, пасля пажаваў яе. Чорны. // чым. Разм. Зрабіць некалькі жавальных рухаў. [Стары] паглядзеў на ваду, .. на лазнякі, на чыстае, як добрае шкло, неба і пажаваў сківіцамі: гэта ж ён, на Дняпры! Лупсякоў.
2. што, чаго і без дап. Разм. Паесці крыху. Схаваўшыся пад маладую разлапістую яліну, .. [Ядвіся] развязала хатулёк, без смаку пажавала адсырэлы хлеб. Асіпенка. Неўзабаве па свежых заечых слядах завіталі на лясную дарогу лісіцы. Не духмянага сена, вядома, пажаваць, а ў надзеі зайчацінай пажывіцца. Ігнаценка. — Конь вунь змарыўся. Няхай пажуе трохі. Якімовіч.
3. што. Разм. Сапсаваць, жуючы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)