паласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. каго-што і без дап. Моцна ўдарыць, пакінуўшы след, рану (звычайна чым‑н. рэжучым). Нешта вострае і балючае паласнула яго па спіне, і Андрэй, скалануўшыся ўсім целам, абсунуўся на снег. Сіняўскі. [Сухарэўскі:] — Асцярожней, Станіслаў Цітавіч, там у мяне да касці спіна рассечана. Свінцовай нагайкай [вораг] паласнуў. Асіпенка. // перан. Нанесці душэўную рану. Напамінак пра Шарупічаў паласнуў Веру Антонаўну па сэрцы. Карпаў. // перан. Раптоўна прагучаўшы, напоўніць паветра якімі‑н. гукамі. Начную цішыню паласнуў жудасны крык. Шамякін.
2. перан.; без дап. Бліснуць паласой агню, святла. Зноў, ужо бліжэй, загрымела, па небе паласнула яркая маланка. Даніленка. Раптам ззаду па вадзе паласнуў пражэктар. Скрыпка.
3. перан.; каго-што і чым. Даць аўтаматную, кулямётную чаргу; пранізаць паласой агню. Партызаны напалі знянацку. Аўтаматчыкі паласнулі доўгімі чэргамі ўздоўж вуліцы. Новікаў. Хутка над балотам пранесліся.. самалёты-штурмавікі. Яны паласнулі па лесе ліўнем агню і свінца. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)