пала́та, ‑ы, ДМ ‑ла́це; Р мн. ‑ла́т і ‑ла́таў; ж.
1. звычайна мн. (пала́ты, ‑ла́т і ‑ла́таў). Уст. Вялікія пышныя пакоі ў палацы; харомы. Падзеі, паказаныя ў фільме, не выходзяць за межы царскіх палат і шынкоў. Новікаў.
2. Вялікае, пышна аздобленае памяшканне, прызначанае для якой‑н. спецыяльнай мэты ў Старажытнай Русі. Княжацкія палаты.
3. Асобны пакой, дзе ляжаць хворыя ў лячэбных установах. Перад вачыма паўставала шпітальная палата, у якой зусім нядаўна ляжаў.. [Сяргей] сам... Сіўцоў.
4. Назва вышэйшай заканадаўчай установы, якая ўваходзіць у склад Вярхоўнага Савета СССР. Палата Савета Саюза. Палата Савета Нацыянальнасцей.
5. Назва прадстаўнічых устаноў у некаторых краінах. Народная палата Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Палата абшчын. Палата лордаў.
6. Назва некаторых дзяржаўных устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі. Казённая палата. □ Акружны суд прысудзіў адабраць пашу ад сялян. Сяляне пераносяць справу ў судовую палату. Колас.
7. Назва некаторых дзяржаўных устаноў у СССР. Кніжная палата. Гандлёвая палата. Палата мер і вагі.
•••
Гранавітая палата — вялікі зал (частка Крамлёўскага палаца ў Маскве), які атрымаў сваю назву ад знешняй абліцоўкі буйным гранёным каменем.
[Ад лац. palatium — дварэц, палац.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)