Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

карыкату́ра, ‑ы, ж.

1. Малюнак, на якім хто‑н. або што‑н. намаляваны ў скажоным выглядзе для высмейвання. Моладзь тоўпілася перад газетай, жартавала з трапных карыкатур на Івана Гомана, на Радніка, на Гольдзіна. Шамякін. Пад карыкатурай, на якой быў намаляваны дзябёлы хлопец і каля яго малы, худзенькі юнак, стаяў подпіс: «Адгукнуўся на заклік». Арабей. // Пра сатырычны наказ з’яў рэчаіснасці ў іншых відах мастацтва, а таксама аб творах такога характару. Залішняя схільнасць да пераўвелічэння нарадзіла тут гратэск, які часам даходзіць аж да карыкатуры. Кучар.

2. перан. Смешнае, недасканалае падабенства да каго‑, чаго‑н. Можна і трэба даваць партыі тактычныя ўказанні і на выпадак перамогі, і на выпадак паражэння паўстання, і на выпадак склікання сапраўды ўстаноўчага схода рэвалюцыйным шляхам, і на выпадак склікання царом якой-небудзь карыкатуры на народнае прадстаўніцтва. Ленін.

карыкату́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць карыкатурнага.

карыкату́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да карыкатуры (у 1 знач.). Карыкатурны малюнак.

2. перан. Смешны, недарэчны. Мець карыкатурны выгляд.

карыкатуры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Мастак, які малюе карыкатуры.

карыкатуры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да карыкатурыст.

карына́, ‑ы, ж.

Разм. Кусок, абломак дрэвавай кары. На дрывотні, пад варыўнёй, хлыстала па бервяне тонкая сасновая карына. Пташнікаў. Лёнька вярнуўся ў курэнь і сеў выразаць з хваёвай карыны пісталет. Капыловіч.

кары́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Чорны дробны вінаград без костачак.

[Ад геагр. назвы.]

кары́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да карына; невялікая карына. Антон нервова пальцамі адкалупаў нейкую карынку на зрубе калодзежа. Грамовіч.

кары́нфскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да старажытнагрэчаскага горада Карынфа. // Які з’яўляецца выражэннем архітэктурнага стылю, што склаўся ў Старажытнай Грэцыі ў Карынфе. Карынфская калона.

кары́слівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць карыслівага; прага да нажывы, выгады. Крылоўская байка выкрывала крывадушнасць цара, карыслівасць чыноўнікаў. Казека. Не карыслівасць і эгаізм, а бясконцая адданасць народу, маральная чысціня і святая нянавісць да сацыяльнай несправядлівасці — вось духоўны кодэкс рэвалюцыянераў-дэмакратаў. У. Калеснік.

кары́слівец, ‑ліўца, м.

Разм. Тое, што і карысталюбівец.