Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

карце́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карцечы. Карцечны зарад.

карцёж, ‑цяжу, м.

Разм. Азартная і зацяжная гульня ў карты. Завесці карцёж. Прыахвоціцца да карцяжу.

карцёжнік, ‑а, м.

Разм. Заўзяты ігрок у карты. Усхадзіліся карцёжнікі. Ці то не падзялілі банка, ці то хто зжульнічаў з іх. Лынькоў. Калі стары Карповіч памёр, як адзіны сын, заядлы карцёжнік, прайграў у карты маёнтак другому карцёжніку. Рунец.

карцёжніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да карцёжнік.

карцёжніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карцёжніка, карцёжнікаў. Ураднік палічыў, што чалавечы доўг ім выканан, і далучыўся да карцёжніцкага гуртка. Колас.

карцёжны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гульні ў карты, звязаны з ёй. Карцёжная гульня. Карцёжны стол.

карці́на, ‑ы, ж.

1. Твор станковага жывапісу, выкананы фарбамі на палатне, дошцы, паперы і інш. Пісаць карціну. Карціна І. Я. Рэпіна «Запарожцы». Выстаўка карцін.

2. перан. Тое, што можна бачыць або ўяўляць сабе ў канкрэтных вобразах. Прыгожыя карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой. Васілевіч. // Літаратурнае, вобразнае апісанне чаго‑н. Ніхто ні да Пушкіна, ні пасля яго не даў такой жывапіснай карціны Пецярбурга, як аўтар «Меднага конніка». Палітыка. Малюючы карціны бітваў Чырвонай Арміі з белапалякамі, напаўняючы гэтыя карціны рамантыкаю барацьбы, пісьменнік, аднак, не захапляецца толькі гэтым бокам падзей. Арабей. // Агульнае становішча чаго‑н. — Я раненька ў праўленне прыбег, усе дакументы па будаўніцтву — на стол: колькі збудавалі за гэтыя гады, колькі па планах трэба пабудаваць, колькі ёсць у нас на калгасныя патрэбы дошак, цвікоў — поўная карціна, адным словам. Савіцкі. [Камандуючы:] Вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка. Крапіва.

3. Разм. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваёй незвычайнасцю. — А тут нашы самалёты — як бы іх знарок хто выклікаў. Адным словам — ка-а-рціна! Лынькоў.

4. Частка акта ў драматычным творы, якая патрабуе самастойнай дэкарацыі. Драма ў трох актах і пяці карцінах.

5. Разм. Кінакарціна, кінафільм. Ля кінатэатра стаяла вялікая чарга — ішла новая карціна. Асіпенка.

карці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да карціна (у 1–3 знач.).

карці́ннасць, ‑і, ж.

Якасць карціннага (у 2 знач.). Карціннасць абмалёўкі.

карці́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да карціны (у 1 знач.). Карцінная галерэя. Карцінная рамка.

2. перан. Ненатуральна прыгожы, жывапісны, як на карціне (у 1 знач.). Карцінны жэст. Карцінная поза.