карціна, ‑ы, ж.
1. Твор станковага жывапісу, выкананы фарбамі на палатне, дошцы, паперы і інш. Пісаць карціну. Карціна І. Я. Рэпіна «Запарожцы». Выстаўка карцін.
2. перан. Тое, што можна бачыць або ўяўляць сабе ў канкрэтных вобразах. Прыгожыя карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой. Васілевіч. // Літаратурнае, вобразнае апісанне чаго‑н. Ніхто ні да Пушкіна, ні пасля яго не даў такой жывапіснай карціны Пецярбурга, як аўтар «Меднага конніка». Палітыка. Малюючы карціны бітваў Чырвонай Арміі з белапалякамі, напаўняючы гэтыя карціны рамантыкаю барацьбы, пісьменнік, аднак, не захапляецца толькі гэтым бокам падзей. Арабей. // Агульнае становішча чаго‑н. — Я раненька ў праўленне прыбег, усе дакументы па будаўніцтву — на стол: колькі збудавалі за гэтыя гады, колькі па планах трэба пабудаваць, колькі ёсць у нас на калгасныя патрэбы дошак, цвікоў — поўная карціна, адным словам. Савіцкі. [Камандуючы:] Вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка. Крапіва.
3. Разм. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваёй незвычайнасцю. — А тут нашы самалёты — як бы іх знарок хто выклікаў. Адным словам — ка-а-рціна! Лынькоў.
4. Частка акта ў драматычным творы, якая патрабуе самастойнай дэкарацыі. Драма ў трох актах і пяці карцінах.
5. Разм. Кінакарціна, кінафільм. Ля кінатэатра стаяла вялікая чарга — ішла новая карціна. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)