Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кашмі́рка,

гл. кашмірцы.

кашміро́вы, кашмі́равы і кашамі́равы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з кашміру. Кашміровая хустка. Кашміравая сукенка.

кашміро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Разм. Кашміровая хустка. Завязаць кашміроўку.

кашмі́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Кашміра, кашмірцаў, належыць ім. Кашмірскія звычаі.

кашмі́рцы, ‑аў; адз. кашмірац, ‑рца, м.; кашмірка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. кашміркі, ‑рак; ж.

Народ, асноўнае насельніцтва штата Джаму і Кашмір у Індыі.

кашнэ́, нескл., н.

Хустка, вузкі шалік, якімі закрываюць шыю пад паліто. На шыі .. белае, новае кашнэ. Бядуля. [Заатэхнік] палапаў пальцамі сваю густую чорную прычоску, паправіў на шыі прыгожае стракатае кашнэ. Ермаловіч.

[Фр. cache-nez.]

кашо́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да кашолка.

кашо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Плецены выраб з лучыны, лазы і пад. для захоўвання і пераноскі чаго‑н. Сплесці кашолку. Накапаць кашолку бульбы. Збіраць грыбы ў кашолку. □ Пад акном, відаць з базару, прайшла з кашолкай Альбіна Сільвестраўна. Ракітны. Федзя, абняўшы левай рукою вялікі букет кветак і трымаючы ў правай добра наладаваную малдаўскую кашолку з чароту, кіраваўся да сваёй машыны. Карпаў.

кашпо́, нескл., н.

Ваза для маскіроўкі кветкавага гаршка.

каштава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Мець тую або іншую цану, грашовую вартасць. — Вазок дроў каштуе пяць рублёў. Гартны. Вера Антонаўка ведала гісторыю кожнай рэчы, якая была ў доме, магла сказаць, калі і дзе яе купіла, колькі яна каштавала. Карпаў.

2. Абыходзіцца ў якую‑н. суму, патрабаваць якіх‑н. затрат. — Цікава, дзядзька, а колькі такое будаўніцтва будзе каштаваць? Мыслівец. // Патрабаваць якіх‑н. намаганняў, абыходзіцца ў што‑н. — Як паспытаеш свой горкі кавалачак хлеба, тады зразумееш, чаго ён каштуе. Грамовіч. Камісара трэба вызваліць, чаго б гэта ні каштавала. Кулакоўскі.

каштава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Спрабаваць ежу, піццё на смак, на гатоўнасць і інш. Каштаваць яблык. Каштаваць страву. // (з адмоўем і са словамі «даўно», «ніколі»). Есці або піць. Такіх піражкоў настаўніку ніколі не даводзілася каштаваць, ён еў з ахвотаю і хваліў кухарскія здольнасці бабкі Параскі. Колас. — Я ўжо смак гарэлкі забыўся: не каштаваў бадай тры гады... Бядуля.

2. перан. Зазнаваць, зведваць, пераносіць. — Не знайшлі нідзе работы, — так .. [браты] бацькам гавораць, — пазбівалі толькі боты, каштавалі многа гора... Дубоўка. [Комлік:] Дарэмна вы, Мікіта Мікітавіч, мы ж усё-такі з вамі некалі разам падполля каштавалі. Карпаў.