каштаваць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Мець тую або іншую цану, грашовую вартасць. — Вазок дроў каштуе пяць рублёў. Гартны. Вера Антонаўка ведала гісторыю кожнай рэчы, якая была ў доме, магла сказаць, калі і дзе яе купіла, колькі яна каштавала. Карпаў.

2. Абыходзіцца ў якую‑н. суму, патрабаваць якіх‑н. затрат. — Цікава, дзядзька, а колькі такое будаўніцтва будзе каштаваць? Мыслівец. // Патрабаваць якіх‑н. намаганняў, абыходзіцца ў што‑н. — Як паспытаеш свой горкі кавалачак хлеба, тады зразумееш, чаго ён каштуе. Грамовіч. Камісара трэба вызваліць, чаго б гэта ні каштавала. Кулакоўскі.

каштаваць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Спрабаваць ежу, піццё на смак, на гатоўнасць і інш. Каштаваць яблык. Каштаваць страву. // (з адмоўем і са словамі «даўно», «ніколі»). Есці або піць. Такіх піражкоў настаўніку ніколі не даводзілася каштаваць, ён еў з ахвотаю і хваліў кухарскія здольнасці бабкі Параскі. Колас. — Я ўжо смак гарэлкі забыўся: не каштаваў бадай тры гады... Бядуля.

2. перан. Зазнаваць, зведваць, пераносіць. — Не знайшлі нідзе работы, — так .. [браты] бацькам гавораць, — пазбівалі толькі боты, каштавалі многа гора... Дубоўка. [Комлік:] Дарэмна вы, Мікіта Мікітавіч, мы ж усё-такі з вамі некалі разам падполля каштавалі. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)