Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

карава́н, ‑а, м.

1. Група ўючных жывёл, якія перавозяць грузы і людзей у пустыні, у стэпе. — Наш невялікі караван вярблюдаў з медыкаментамі, харчамі і ўсім неабходным для экспедыцыі ішоў следам. Васілевіч. [Па гасцінцы] якраз і ішлі караваны ў той благаславёны Алатау. Васілёнак. // перан. Доўгая чарада аднародных істот, прадметаў, якія рухаюцца ў адным напрамку. Скора гусей караваны Сэрца напоўняць журбою. Непачаловіч. Караван ялавак і бычкоў пацягнуўся з калгаса да жывёла-нарыхтоўчай канторы. Дуброўскі. Скрозь семафоры адкрыла яна [восень] паравозам, Што караваны вагонаў па рэйках вядуць. Куляшоў.

2. Група суднаў, якія ідуць адно за другім або выконваюць агульную задачу. [Бамбардзіроўшчыкі] двойчы наляталі на караван у моры і затапілі адзін карабель. Шамякін. // Група злучаных несамаходных суднаў або плытоў, якія ідуць адно за другім на буксіры. Да берага набліжаўся маторны баркас «Чайка». Ён цягнуў за сабою караван з трох рыбацкіх лодак. В. Вольскі. Ля ракі сёння вяжуць Караван плытагоны. Кірэенка.

3. у знач. прысл. карава́нам. Чарадой, адзін за другім. Пралятаюць, Раняючы крыкі, Караванам даўгім жураўлі. Аўрамчык. Паплывуць караванам плыты Да далёкага сіняга мора. Астрэйка.

[Перс. kār(e)vān.]

карава́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каравана. Караванны гандаль. // Па якім праходзяць караваны (у 1 знач.). Караванны шлях.

карава́ншчык, ‑а, м.

Чалавек, які суправаджае караван (у 1 знач.). — Калі вернешся назад, — сказаў.. караваншчыку Фёдар, — тады караван свой вядзі другой дарогай. «Маладосць».

карава́н-сара́й, ‑я, м.

Месца стаянкі караванаў з памяшканнямі для людзей і грузаў у краінах Пярэдняга Усходу, Сярэдняй Азіі і Закаўказзя.

[Ад перс. kār(e)vān — караван і särai — палац.]

кара́вачнік, ‑а, м.

Абл. Анучнік. Трошкі пазней Леўка ўладзіўся ў Верамеевічах на нейкую казённую службу і ездзіў каравачнікам па вёсках. Сабаленка.

караве́ла, ‑ы, ж.

Старадаўняе чатырохабо трохмачтавае судна ў краінах Сяродземнамор’я.

[Іт. caravella.]

кара́вець, ‑ее; незак.

Тое, што і каравіцца.

кара́віцца, ‑віцца; незак.

Станавіцца каравым (у 1, 3 знач.); каравець. Абутак каравіцца.

караво́кі, ‑ая, ‑ае.

Які мае карыя вочы. На прыпынку ў калідоры вагона паяўляецца першы прадстаўнік чэхаславацкага народа, дабрадушны, крыху паўнаваты для сваіх маладых год, каравокі старшына-пагранічнік з папкай пад пахай. Мележ.

караву́л, ‑а, м.

1. Узброеная варта. [Койфер] выклікаў каравул. Праз хвіліну салдаты абкружылі яго дом. Шамякін. Часам даносяцца з аэрадрома прыглушаныя травой крокі людзей, відаць — змяняецца каравул. Лынькоў.

2. Нясенне варты; абавязкі па ахове чаго‑н. Несці каравул. □ Сходзіць [Мікалай] у каравул, пачысціць аўтамат і цэлыя суткі адпачывае. Алешка.

3. у знач. выкл. Разм. Заклік на дапамогу ў выпадку небяспекі. — Каравул! Палкоўніка ўкралі. Лынькоў.

•••

Узяць на каравул гл. узяць.

Браць (узяць) пад каравул гл. браць.

Хоць каравул крычы гл. крычаць.

[Ад цюрк. караул — варта, дазор.]