застыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да застыць.
засты́глы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і застылы. Быльнік па краях адхону, слабенькі, узорысты іней на ім, канаўка побач на поплаве, ледзь-ледзь толькі застыглая. Кулакоўскі. Каменныя львы драмалі. Застыглая ўсмешка не сыходзіла з іх белых вачэй. Бядуля.
засты́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. застыг, ‑ла; зак.
Разм. Тое, што і застыць. Шырокая паласа вады як бы застыгла, толькі вызначаюцца дзе-нідзе ледзь прыкметныя віры. Лупсякоў. Раптам Янаш бадзёра прыўзняў вузкаполы капялюш і застыг у маўчанні. Няхай.
засты́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан застылага. Дуб стаяў нерухома ў сваёй паважнай застыласці, трымаючы ў развілінах ёмкі ком снегу. Колас. І раптам твар [Мішурына] пачаў зменьваць рысы і новая пячаць наплывала на яго. Ужо зусім сышлі адзнакі анямеласці і застыласці. Чорны.
засты́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў густым, цвёрдым пры ахалоджванні. Застылы тлушч. □ Нажом з драўлянымі тронкамі цётка адрэзала танюсенькую скібачку хлеба, паклала на яе кавалачак застылага мёду. Нядзведскі.
2. Разм. Пакрыты лёдам, прымерзлы. Тонкі лёд на застылай лужыне праламаўся, разляцеўся мокрымі ільдзінкамі. Шыцік.
3. Разм. Змёрзлы, закарчанелы ад холаду. Раечка адчула прыемную цеплыню, нават застылыя ногі ўгрэліся. Лобан. Папіскваюць застылыя на марозе канаплянкі. Лупсякоў.
4. Халодны, адубелы, спруцянелы (пра труп). Цень кратаў кладзецца, нібы пляцёнка з лучын, на застылы .. труп старога селяніна. Бядуля.
5. Нерухомы, анямелы. Застылая ўсмешка. Застылы твар. □ Саша заплюшчыла вочы, сядзела ціхая, застылая. Пестрак.
засты́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Тое, што і застыць (у 3 знач.). Мне нельга застынуць, Мне нельга загінуць. Зіма — гэта ветразь бялюткі. Вярба.
засты́ць, ‑стыну, ‑стынеш, ‑стыне; зак.
1. Загусцець, стаць цвёрдым пры ахалоджванні (пра рэчывы). Лой застыў. Смала застыла.
2. Разм. Падмерзнуць, прымерзнуць; пакрыцца лёдам (пра ваду). Тут рачулка зусім не замерзла, толькі, .. запарушаная снегам, застыла. Сачанка.
3. Разм. Моцна змерзнуць, закарчанець. Застыць на марозе. Рукі застылі. // Прастудзіцца. Застыць у дарозе.
4. Астыць, ахаладзець (пра труп).
5. Стаць нерухомым; замерці (звычайна ў якой‑н. позе, у якім‑н. становішчы). Сустрэча была такая нечаканая, што Марылька аж скаланулася і нерухома застыла на месцы. Чарнышэвіч. Маці як несла патэльню на стол, так і застыла з ёю на паўдарозе. Шамякін. // Астацца нерухомым, нязменным (пра выраз твару). Таямнічая ўсмешка з хітрынкай застыла на яго твары. Пестрак. А на твары як застыла, так і не раставала зацятасць і злосць. Адамчык. // перан. Спыніцца ў сваім развіцці. Ведалі і тое, што хлопец не застыў у сваім развіцці, ён працягвае завочна вучыцца ў педінстытуце. Шчарбатаў.
застэнаграфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак., што.
Запісаць стэнаграфічным спосабам якое‑н. вуснае паведамленне. Застэнаграфаваць даклад. Застэнаграфаваць прамову.
засу́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад засудзіць.
засу́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да засуджваць.