каля́ны, ‑ая, ‑ае.
Цвёрды, грубы навобмацак; лубяны, нягнуткі. Каляная матэрыя. Каляны кажух. □ Пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Быкаў. // Жорсткі, калючы. Хмарынкі на небе ператвараліся ў хмары і сыпалі дажджом і калянымі крупінкамі снегу. Хадкевіч.
каляпло́днік, ‑а, м.
Сценка плода ў раслін, якая абкружае насенне.
каляпло́дны, ‑ая, ‑ае.
Які абкружае плод. Каляплодная вадкасць. Каляплодны мяшок.
каляро́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць каляровага (у 1 знач.); рознакаляровасць. Над рачулкай стаялі голыя вербы, адна была рудога колеру, другая жоўтага, трэцяя сіняватага, чацвёртая чырванаватага. І гэтая каляровасць дрэў дапаўняла вялікае багацце і мноства ўсяго, што было ў чалавека перад вачамі. Чорны.
2. Наяўнасці, таго або іншага колеру ў чым‑н. Шкала каляровасці вады. Каляровасць вады. Каляровасць прамянёў сонца.
каляро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Афарбаваны ў які‑н. колер, не чорны і не белы. Каляровае шкло. Каляровыя алоўкі. □ Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. На поўдні яны былі яскрава-чырвонымі, над галавою — нейкія жоўтыя. Шамякін. // Рознакаляровы. Каляровы фільм. Каляровая лінагравюра. □ Пярэстая панарама горада, раскінута, як каляровы бухарскі халат. Бядуля. То незвычайную медную гайку прывязе бацька, то фарфоравы ізалятар, .. а то проста, каменьчыкаў розных, каляровых. Лынькоў.
2. Не белы, з чорнай або жоўтай скурай (пра людзей). Каляровае насельніцтва. Каляровыя народы.
3. Які мае адносіны да вытворчасці ўсіх металаў, акрамя жалеза. Каляровая металургія.
•••
Каляровыя металы гл. метал.
калясардэ́чны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца вакол сэрца, абкружае сэрца. Калясардэчная сумка.
калясі́ць, каляшу, калясіш, калясіць; незак.
Разм. Хадзіць або ездзіць пятляючы, робячы кругі. Тыдзень ужо, як Піня не мог упарадкаваць як след коней, а калясіў па паляўнічай сцежцы Крайскім бокам. Пташнікаў. [Раманенка і шафёр] калясілі па гарадку, шукаючы патрэбную вуліцу. Шамякін. // Шмат ездзіць або хадзіць на розных мясцінах, у розных напрамках. Калясіць па свеце. □ Лявон Свірыдовіч, шафёр першага класа, адчуваў стомленасць. Паездка была нялёгкай. Чацвёра сутак калясілі яны па дарогах вобласці. Корбан. Шмат калясіў ты, разведчык, Многім няўдачам па зло, Там, дзе нагі чалавечай Можа зусім не было. Звонак.
каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.
2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.
3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.
4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.
калясні́ца, ‑ы, ж.
У старажытных грэкаў і рымлян — двухколая павозка, якой карысталіся ў час трыумфальных шэсцяў, спаборніцтваў і баёў. Баявая калясніца. Спаборніцтвы калясніц.
каляя́, ‑і́; мн. кале́і (з ліч. 2, 3, 4 каляі́), кале́й; ж.
1. Пара паралельна пракладзеных рэек; чыгуначны пуць. Шырокая каляя. Вузкая каляя. □ На ўсход і захад, амаль праз кожныя паўгадзіны, па дзвюх сталёвых каляях грымяць цягнікі. Навуменка. — Бач ты, колькі збожжа сёння загрузілі! — казаў Петрык дружкам сваім, ідучы паўз .. чараду вагонаў, што стаялі на дальняй ад станцыі каляі. Шынклер.
2. Тое, што і каляіна (у 1 знач.). І вось грэбля з разбітай і засохлай каляёй застаецца ззаду. Ракітны. Дарога ўся ў лужах. Размыта Дажджом праліўным каляя. Багдановіч.
•••
Выбіцца з каляі гл. выбіцца.
Выбіць з каляі гл. выбіць.
Увайсці ў каляю гл. увайсці.