Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

караблебудаўні́к, ‑а, м.

Той, хто будуе караблі; карабел.

караблебудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да караблебудавання. Караблебудаўнічыя работы. // Прызначаны для будаўніцтва караблёў. Караблебудаўнічая верф.

караблеваджэ́нне, ‑я, н.

Навука аб бяспечным, дакладным і найкарацейшым плаванні карабля ў моры. Засвоіць навуку караблеваджэння. // Майстэрства кіравання ходам карабля.

караблекрушэ́нне, ‑я, н.

Крушэнне, гібель карабля ў моры. Пацярпець караблекрушэнне. Караблекрушэнне ў буру.

кара́блік, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да карабель.

2. Самаробная дзіцячая цацка з паперы, кары дрэва і інш., па форме падобная на карабель. Пускаць караблікі. □ Марат сядзеў у сваім любімым кутку на канапе і.. старанна майстраваў ножыкам караблік. Пятніцкі.

карабо́к, ‑бка, м.

1. Невялікі кораб (у 1 знач.). Ссыпаць зерне ў карабок.

2. Невялікая стандартная каробка для запалак, алоўкаў і пад. Пачулася шорганне запалкі аб карабок. Пальчэўскі. На стале ляжала ў кардонным карабку даміно. Марціновіч.

3. Тое, што і каробка (у 2 знач.). Адзін цагляны карабок нагадваў, што некалі тут, на беразе Дняпра, узвышаўся прыгожы будынак. Чыгрынаў.

карава́й, ‑я, м.

Вясельны абрадавы пірог круглай формы. Віншаваць са шчасцем пойдуць [людзі] маладых, Каравай пшанічны панясуць да іх. Кляўко. Адно хіба не хапала таго, каб мы з Ірай сталі пад вянец, а астатняе ўсё было: нават дзялілі каравай. Сабаленка. // Вялікая булка, спечаная для якой‑н. урачыстасці, свята. Ваша свята — наша свята! І выносяць залаты Каравай нам з першай хаты Украінскія браты. Панчанка. На чужы каравай рота не разявай. Прыказка.

карава́йка, ‑і, ДМ ‑вайцы; Р мн. ‑ваек, ж.

Птушка атрада галянастых з доўгай загнутай дзюбай, гняздуецца ў чаротавых зарасніках, на дрэвах, звычайна недалёка ад вады.

карава́йніца, ‑ы, ж.

Разм. Жанчына, якая прымае ўдзел у выпечцы і дзяльбе каравая на вяселлі. Каравайніцы ўнеслі наручніках вялізны, як рэшата, пірог. Вітка.

карава́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каравая. Каравайнае цеста.