казіне́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да казінету. Казінетавая матэрыя. // Зроблены, пашыты з казінету. Казінетавая куртка.
казі́нец, ‑нцу, м.
Скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае.
казіно́, нескл., н.
У буржуазных краінах — загарадны ігральны дом або рэстаран з эстрадай.
[іт. casino.]
казі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да казы (у 1 знач.), належыць ёй. Казінае малако. Казіная шкура. Казіныя сляды. // Зроблены са шкуры, шэрсці, малака казы. Казіны сыр.
•••
Казіная ножка гл. ножка.
Загнаць у казіны рог гл. загнаць.
ка́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Апавядальны твор вуснай народнай творчасці або літаратурны твор аб выдуманых падзеях, нярэдка з удзелам чарадзейнай, фантастычнай сілы. Беларускія народныя казкі. Казкі Андэрсена. □ Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі. Бядуля. Ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. З нар. // перан. Пра што‑н. незвычайнае, дзівоснае, цудоўнае. Ёсць тут сем хвой. Не хвоі — казка. Колас. Печаная бульба — гэта казка, Паскрабеш нажом — і калі ласка. Жоўтая скарынка, як пірог. Панчанка.
2. Што‑н. выдуманае, нерэальнае; байка 1 (у 2 знач.). Нагаварыць розных казак. □ [Гарлахвацкі] Ну, гэтыя казкі вы расказвайце сваёй бабулі. Ніхто ім не паверыць. Крапіва.
•••
Бабскія казкі — тое, што і бабскія плёткі (гл. плётка 2).
Казаная казка — пра не раз чутае і не вартае ўвагі.
Казка пра белага бычка — пра бясконцае паўтарэнне аднаго і таго ж.
казлабаро́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Двух- або шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных пераважна з жоўтымі кветкамі.
казлано́гі, ‑ая, ‑ае.
З нагамі, падобнымі на казліныя.
казлі́на, ‑ы, ж.
Казліная шкура (вырабленая або нявырабленая).
казлі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да казла. Казліны рог. // Зроблены са шкуры казла. Казлінае футра. // Такі, як у казла. Казліная барада.
казло́вы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены са скуры казла. Казловыя боты.