ка́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Апавядальны твор вуснай народнай творчасці або літаратурны твор аб выдуманых падзеях, нярэдка з удзелам чарадзейнай, фантастычнай сілы. Беларускія народныя казкі. Казкі Андэрсена. □ Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі. Бядуля. Ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. З нар. // перан. Пра што‑н. незвычайнае, дзівоснае, цудоўнае. Ёсць тут сем хвой. Не хвоі — казка. Колас. Печаная бульба — гэта казка, Паскрабеш нажом — і калі ласка. Жоўтая скарынка, як пірог. Панчанка.
2. Што‑н. выдуманае, нерэальнае; байка 1 (у 2 знач.). Нагаварыць розных казак. □ [Гарлахвацкі] Ну, гэтыя казкі вы расказвайце сваёй бабулі. Ніхто ім не паверыць. Крапіва.
•••
Бабскія казкі — тое, што і бабскія плёткі (гл. плётка 2).
Казаная казка — пра не раз чутае і не вартае ўвагі.
Казка пра белага бычка — пра бясконцае паўтарэнне аднаго і таго ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)