каха́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае каханне, да якога накіравана каханне; любімы (у 2 знач.). Каханая дзяўчына. □ — Смешна, але прызнаюся, што ў мяне нават не было каханай жанчыны, не было кахання. Мікуліч.
2. у знач. наз. каха́ны, ‑ага, м.; каха́ная, ‑ай, ж. Той (тая), каго кахаюць. Можа, думкі Максіма — пра сваю каханую, што ходзіць недзе па росных сцежках над іншай ракою? Брыль. — Усё ж ён прыгажэйшы за Змітрака! — з замілаваннем падумала дзяўчына і яшчэ бліжэй прытулілася да каханага. Ваданосаў.
3. Родны, дарагі. Засні, мой каханы, Мой мілы сынок, Падняўся туманам За вокнамі змрок. А. Александровіч.
4. у знач. наз. Форма фамільярнага звароту. — «Гатовы боты?» — «Не, каханы!» — Заказчыку шавец лісліва адказаў. Корбан.
каха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Кахаць адзін аднаго. «Магда, Магдачка, Мая кветачка-пралесачка! Не кахацца мне, хлопу, з табою, Ваяводы старога дачкою». Багдановіч.
2. безас. Пра магчымасць кахаць і быць каханым. Вярніся, родны, мне якраз І не кахалася яшчэ! Лось.
каха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.
Мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць (у 2 знач.). [Маша] не проста была ўлюбёна ў гэтага дужага, разумнага, таленавітага чалавека. Яна кахала яго, глыбока, тайна, безнадзейна. Шамякін. Люблю маладых І люблю пасівелых, Вясёлых люблю, А кахаю адну. Грахоўскі.
кахеці́нскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да Кахеціі, кахецінцаў, належыць ім. Кахецінскі вінаград. Кахецінскае віно.
2. у знач. наз. кахеці́нскае, ‑ага, н. Сорт вінаграднага віна, якое вырабляецца ў Кахетыі.
кахеці́нцы, ‑аў; адз. кахецінец, ‑нца, м.; кахецінка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. кахецінкі, ‑нак; ж.
Грузіны, якія жывуць у Кахеціі — гістарычнай вобласці Усходняй Грузіі.
кацаве́йка, ‑і, ДМ ‑вейцы; Р мн. ‑веек; ж.
Кароткая кофта на ваце, футры або на падкладцы; кабат з рукавамі. Футравая кацавейка.
каца́п, ‑а, м.
Уст. Зневажальная назва рускага (у адрозненне ад украінца, паляка). — [Булякін] ні хахол, ні кацап, а проста курскае «чайкю», — дапоўніў Ахрэменка. Колас.
[Укр. кацап.]
каце́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да катла (у 2 знач.). Кацельны цэх. Кацельная гаспадарка. // Прызначаны для катлоў. Кацельнае жалеза.
2. у знач. наз. каце́льная, ‑ай, ж. Тое, што і кацельня. [Алесь] амаль бегаў пыльнымі пераходамі, шмыгаў у люкі, спускаўся ў кацельную, дзе качагары махалі шуфлямі. Караткевіч.