Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каўтану́ць і каўтну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Абл. Глынуць. Славік выпіў, паморшчыўся, быццам воцату каўтнуў. Шамякін. [Сымон] сутаргава каўтануў паветра. Чарнышэвіч.

каўта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Абл. Глытаць. Падводчык развязаў торбу, сунуў мне лусту хлеба з вяндлінай, а сам пачаў каўтаць халоднае малако з бутэлькі. Бажко.

каўтну́ць,

гл. каўтануць.

каўту́н, ‑а, м.

1. толькі адз. Хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца. Галава .. [пані Даміцэлі] з прычыны каўтуна абкручана палатнянай наміткаю. Колас. // Хвароба скуры ў коней (звычайна пад грывай).

2. Зблытаны, збіты пук валасоў, поўсці і пад. [Міхаська] успомніў, як калісьці дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

3. толькі мн. (каўтуны́, ‑оў). Разм. пагард. Валасы. — Давялося пайсці на грэх: тузануў я .. [гаспадыню] за кудлы, ды так з тымі каўтунамі, што асталіся ў руцэ, і падаўся ў вішняк. Кулакоўскі.

[Ад казах. калтук — пучок валасоў.]

каўчу́к, ‑у, м.

Эластычнае рэчыва, якое здабываецца з млечнага соку некаторых трапічных раслін або штучным спосабам і скарыстоўваецца для вырабу гумы. Натуральны каўчук. Сінтэтычны каўчук.

[На мове індзейцаў тупі — каў — дрэва і учу — цячы.]

каўчукаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст, які разводзіць і вырошчвае каўчуканосныя расліны.

каўчукаво́дства, ‑а, н.

Вырошчванне каўчуканосных раслін.

каўчукаво́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каўчукаводства, звязаны з ім. Каўчукаводчая брыгада.

каўчу́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каўчуку. Каўчукавае дрэва. // Прызначаны для вытворчасці каўчуку. Каўчукавы завод. // Выраблены з каўчуку. Каўчукавая трубка. Каўчукавая падэшва.

каўчукано́с, ‑а, м.

Расліна, з млечнага соку якой здабываецца каўчук.