парало́навы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з паралону. Паралонавы матрац.
пара́люш, ‑у, м.
Разм. Параліч. [Арцём:] — Бачыш .. я ўсё пра аднаго чалавека думаю. Пра цуд-чалавека, зусім старога, разбітага паралюшам... Ракітны.
парамагнеты́зм, ‑у, м.
Спец. Сукупнасць магнітных уласцівасцей цел, якія маюць дадатную магнітную ўспрымальнасць.
[Ад грэч. para — поруч і магнетызм.]
парамагне́тыкі, ‑аў; адз. парамагнетык, ‑а, м.
Спец. Слабамагнітныя целы, да якіх належаць некаторыя газы і металы.
парамагні́тны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае ўласцівасці парамагнетыкаў. Парамагнітныя целы.
парамантава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад парамантаваць.
парамантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Разм. Адрамантаваць усё, многае.
парамарфо́за, ‑ы, ж.
Спец. Від псеўдамарфозы, які ўтвараецца пры паліморфных зменах крышталічнай структуры.
[Ад грэч. para — побач і morphē — форма.]
парамато́р, ‑а, м.
Спец. Паравая машына, якая выкарыстоўваецца як цяглавы рухавік самаходных машын бязрэйкавага транспарту.
парамато́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Спец. Які мае адносіны да параматора.
2. Які мае паравыя рухавікі (пра механічны флот у адрозненне ад паруснага і вёславага).