кало́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Невялікая калода; тое, што і калода (у 1 знач.). Мой бацька і дзядзька Язэп наняліся.. зваліць у гаі пару дзесяткаў дубоў і парэзаць на кароткія калодкі для клёпак. Бядуля. Зелянюк сеў пры стале на калодку і ўзіраўся ў старога. Зарэцкі.
2. Кусок дрэва, выструганы ў форме ступні, які выкарыстоўваецца пры пашыве абутку; капыл. Пацягнуць загатоўку на калодку. Выплятаць лапці па калодцы.
3. звычайна мн. (кало́дкі, ‑дак). Масіўныя драўляныя кайданы, якія надзявалі раней на ногі, рукі і шыю арыштанта для папярэджання ўцёкаў. Надзець калодкі на ногі.
4. Сярэдняя частка кола, у якой умацоўваюцца спіцы. Колы па калодкі западвалі ў чорную гразь. Лобан.
5. Драўляная або металічная аправа, у якую ўстаўляецца або на якую насаджваецца асноўная частка інструмента. Калодка рубанка.
6. Металічны або драўляны брусок у тормазным прыстасаванне які прыціскаецца да вобада кола або тормазнага шківа для тармажэння.
7. Планка, пры дапамозе якой прымацоўваюцца да адзення ордэны, медалі. // Вузкая палоска ордэнскай стужкі, якую носяць замест ордэна, медаля. На грудзях Яўмена Іванавіча былі пярэстым радком калодкі ўсіх яго ордэнаў і медалёў. Ермаловіч.
8. мн. (кало́дкі, ‑дак). Абл. Род скуранога абутку на драўлянай падэшве; дзеравяшкі. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені. Быкаў.
•••
Класці галаву на калодку гл. класці.
кало́днік, ‑а, м.
Арыштант, закаваны ў калодкі (у 3 знач.). Падымаючы густы пыл, пад летняй спякотаю, ішлі парамі ў шэрых адзежах, закаваныя па руках і нагах, калоднікі. Каваль.
кало́дый, ‑ю, м.
Густы клейкі раствор нітрацэлюлозы ў сумесі спірту і эфіру (скарыстоўваецца ў медыцыне і фатаграфіі).
[Ад грэч. kollōdes — клейкі.]
кало́ід, ‑у, М ‑дзе, м.
Некрышталізаванае рэчыва (бялок, крухмал, клей і інш.), растворы якога не праходзяць праз жывёльныя і раслінныя перапонкі.
[Ад грэч. kolla — клей і eidos — выгляд.]
кало́ідны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да калоіду, з уласцівасцямі калоіду. Калоідны раствор.
•••
Калоідная хімія гл. хімія.
кало́к, калка, м.
1. Памянш. да кол; кароткі, тонкі кол. Месца будаўніцтва падстанцыі было абазначана калкамі яшчэ ўлетку. Лупсякоў. // Калочак. Спяшаючыся, [Пракоп] зашчапіў дзверы на клямку і заткнуў у прабой дубовы калок-затычку. Якімовіч.
2. Драўляны або металічны шпянёк для нацягвання струн у музычных інструментах.
3. Абл. Драўляны цвік, замацаваны ў чым‑н. для таго, каб вешаць на ім што‑н. Нехаця Мікодым скінуў кажух і павесіў на калок, убіты ў вушак дзвярэй. Сабаленка.
кало́н, ‑а, м.
1. У Старажытным Рыме — арандатар невялікага ўчастка зямлі ў буйнага землеўладальніка.
2. У розных раманскіх краінах і Лацінскай Амерыцы — прадстаўнік розных катэгорый сялянства: батрак, здольшчык, паўпрыгонны арандатар і інш.
[Лац. colonus.]
кало́на, ‑ы, ж.
1. Частка архітэктурнага збудавання ў выглядзе высокага слупа, якая з’яўляецца апорай франтонаў, унутраных частак будынка. Нават не агледзеўшы вестыбюля з прыгожымі мармуровымі калонамі, .. [Міхайлаў] першы пачаў падымацца па шырокай засланай.. дарожкай лесвіцы. Карпаў. Старасвецкі драўляны домік з амшэлай гонтавай страхою, дажываючы век, абапёрся на чатыры драўляныя калоны, якія з усім домікам, пахіліліся ўперад. Пестрак. // Помнік у выглядзе слупа, збудаваны ў памяць якога‑н. здарэння. Калона Траяна. Аляксандраўская калона.
2. У вайсковай справе — строй, глыбіня якога большая за яго шырыню або роўная ёй; такі парадак пастраення войск, пры якім падраздзяленні знаходзяцца або рухаюцца адно за адным на пэўнай дыстанцыі. Паходная калона. □ Мерна пакалыхваючыся, ідзе калона салдат. Данілевіч. Перад вачыма Рудчанкі прамільгнулі тыя, хто ішоў у тую ноч у штурмавой калоне. Сіўцоў. // Шэраг суднаў, якія ідуць адно за адным. // Група асоб або машын, трактароў і інш., якія рухаюцца выцягнутай лініяй, рад за радам. Калоны дэманстрантаў. □ У выхадныя ж дні ў страі, калонамі, з кіркамі і рыдлёўкамі [рабочыя] накіроўваліся на разборку руін і расчыстку пляцовак. Карпаў. Калоны грузавікоў ішлі і ішлі з блізкіх і далёкіх чыгуначных станцый. Хадкевіч.
3. Рад лічбаў, слоў, размешчаных па вертыкалі.
4. Назва апаратаў цыліндрычнай формы.
•••
Кільватэрная калона — рад суднаў, якія ідуць адно за другім у кільватэры.
Трактарная калона — група трактароў, якая выконвае агульнае вытворчае заданне.
Пятая калона — сукупнасць асоб, якія займаюцца антыдзяржаўнай, падрыўной дзейнасцю ўнутры краіны і знаходзяцца на ўтрыманні варожых дзяржаў (першапачаткова — аб контррэвалюцыйнай групе, якая дзейнічала ў тыле іспанскай рэспублікі ў 1936–1939 гг.).
[Фр. collonne.]
калонаважа́ты, ‑ага, м.
Той, хто вядзе калону (у 2 знач.), ідзе ўперадзе яе. // Малодшы чын у рускай арміі 18 — пач. 19 стст.; афіцэр, які вядзе калону войска.