карэспандэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Літаратурны супрацоўнік газеты, часопіса, радыё, тэлебачання і іншых органаў інфармацыі, які дасылае ім звесткі пра бягучыя падзеі. Карэспандэнт радыё. □ Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет. Гартны.
2. Асоба ці ўстанова, якая перапісваецца з іншай асобай або ўстановай.
•••
Спецыяльны карэспандэнт — выязны карэспандэнт, які выконвае спецыяльныя даручэнні сваёй рэдакцыі.
Уласны карэспандэнт — карэспандэнт, які рэгулярна забяспечвае свой орган інфармацыяй, пастаянна працуючы і пражываючы ў іншым месцы.
Член-карэспандэнт гл. член.
[Ад лац. correspondere — паведамляць, інфармаваць.]
карэспандэ́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да карэспандэнт.
карэспандэ́нцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карэспандэнта, належыць яму. Карэспандэнцкі білет. Карэспандэнцкі блакнот. Карэспандэнцкі пункт.
карэспандэ́нцыя, ‑і, ж.
1. Паштовая перапіска паміж асобамі або ўстановамі. Весці карэспандэнцыю.
2. зб. Пісьмы, паштова-тэлеграфныя адпраўленні. Паштовай скрынкай .. я не карыстаўся, маючы шматгадовую звычку атрымліваць карэспандэнцыю на паштамт. Васілёнак. Народны суддзя Міхаіл Пятровіч Жураўлёў праглядаў карэспандэнцыю: дырэктывы, інструкцыі міністэрства юстыцыі, розныя скаргі. Капусцін.
3. Артыкул, паведамленне пра бягучыя падзеі, дасланыя ў газету або часопіс. Змясціць у газеце карэспандэнцыю. □ [Шынклер] робіцца рабкорам і карэспандэнцыі свае, поўныя запалу і непрымірымасці да таго, што перашкаджае савецкім людзям у іх рабоце, пасылае ў акруговую бабруйскую газету «Камуніст». Арабей. З Коўна Т. Корзан пісаў карэспандэнцыі ў герцэнаўскі «Колокол». Мальдзіс.
[Лац. correspondentia.]
карэ́та, ‑ы, ДМ ‑рэце, ж.
Закрыты з усіх бакоў чатырохколы конны экіпаж на рысорах. Зрэдку праносіліся памешчыцкія карэты, запрэжаныя ў тройкі або чацвёркі стаенных коней. Гартны. Папыхваючы люлькай, гаспадар залез у карэту, і — дзіва! — коні-ткі скранулі з месца і павезлі гэтую няўклюдную цяжкую штуку з такім ездаком у дадатак. Мікуліч.
•••
Карэта хуткай дапамогі (уст.) — аўтамабіль хуткай дапамогі.
(Прыйшоўся) як вол да карэты гл. вол.
[Польск. kareta.]
карэ́тачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карэткі (у 2 знач.). Карэтачны вузел веласіпеда.
карэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Памянш.-ласк. да карэта.
2. Рухомая частка некаторых механізмаў, машын, апаратаў. Карэтка пішучай машынкі.
карэ́тнік, ‑а, м.
Уст.
1. Майстар, які рабіў карэты, экіпажы.
2. Будынак для карэт.
карэ́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карэты. Карэтныя рысоры.
карэ́ц, ‑рца, м.
Драўляная або металічная пасудзіна з ручкай для зачэрпвання вады, квасу і пад.; конаўка. На гэты крук дзед вешаў берасцяны карэц, якім усе пілі ваду з крыніцы. Грамовіч. Вольга карцом мерала малако, налівала ў гладышкі. Мележ.