калі́ф, ‑а, м.
Тое, што і халіф.
•••
Каліф на час (іран.) — пра чалавека які займеў уладу на кароткі час.
каліфа́т, ‑а, М ‑фаце, м.
Тое, што і халіфат.
калі́-не́будзь, прысл.
У які-небудзь няпэўны час (у мінулым ці будучым). [Наўмыснік] баяўся, што яго кравец калі-небудзь сустрэне і пазнае. Чорны. Наташа паабяцала абавязкова зайсці да .. [Маі] калі-небудзь у іншы раз, у вольны час. Краўчанка. / у знач. наз. Адкласці сустрэчу на калі-небудзь.
калі́-нікалі́, прысл.
Зрэдку, час ад часу. [Марылька] прыходзіла часам да .. [брата], прыносіла чыстую кашулю, а калі-нікалі і скварку. Грахоўскі.
калма́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Травяністая расліна сямейства складанакветных з жоўтымі кветкамі, якая цвіце ранняй вясной.
калма́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты густымі скудлачанымі валасамі, поўсцю; касматы, кудлаты. Калматыя бровы. □ Дзверы адчыніліся, і з іх высунулася калматая галава шафёра. Ваданосаў. [Джон] прывітальна павіляў гаспадару калматым хвастом. Паслядовіч. // Зроблены са шкуры з доўгай, густой поўсцю. З-пад калматай шапкі звісалі бровы над невялічкімі шэрымі вачамі. Пестрак. // Разм. З доўгім ворсам (пра тканіны, вырабы з гэтых тканін). Віктар Паўлавіч у піжаме, з прыгожым калматым ручніком, з блакітнай мыльніцай прайшоў на кухню. Шамякін.
2. Аброслы валаскамі, пушынкамі; нягладкі. Ля ракі маладая крапіва, на лозах калматыя каткі. Пташнікаў. Калі муць сплыла, Паўлік убачыў павука з калматымі ножкамі. Даніленка.
3. Разм. З густым, няроўным веццем, лісцем (пра расліны, дрэвы). А лес шумеў... Цёмны, калматы, ён падступаў як бы ўсё бліжай, бліжай. Гамолка.
4. перан. З няроўнымі, як бы пашматанымі на кавалкі краямі (пра хмары, клубы пары, туману і пад.). У начной цемры .. [хмара] нагадвала дым, бо спераду вілася злавеснымі калматымі клубкамі. Чарнышэвіч. Надвор’е нядобрае, сырасць і стынь. Калматыя хмары нібыта з аўчыны. Зарыцкі.
калма́ціцца, ‑ціцца; незак.
1. Станавіцца калматым; кудлаціцца, касмаціцца. Чорныя валасы .. [Йонаса] калмаціліся на ветры. Броўка. // Мець выгляд чаго‑н. калматага, здавацца калматым. Падпяразаная суконная жакетка калмацілася ўнізе сваёю няроўнаю абарванасцю. Чорны.
2. Зал. да калмаціць.
калма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; незак., каго-што.
Рабіць калматым; кудлаціць, касмаціць. Ярмоленка пры слове «буксір» моршчыў твар, калмаціў каротка падстрыжаныя валасы. Сіўцоў. Ля берага вецер калмаціць Густую чупрыну трысця. Кляўко.