калма́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты густымі скудлачанымі валасамі, поўсцю; касматы, кудлаты. Калматыя бровы. □ Дзверы адчыніліся, і з іх высунулася калматая галава шафёра. Ваданосаў. [Джон] прывітальна павіляў гаспадару калматым хвастом. Паслядовіч. // Зроблены са шкуры з доўгай, густой поўсцю. З-пад калматай шапкі звісалі бровы над невялічкімі шэрымі вачамі. Пестрак. // Разм. З доўгім ворсам (пра тканіны, вырабы з гэтых тканін). Віктар Паўлавіч у піжаме, з прыгожым калматым ручніком, з блакітнай мыльніцай прайшоў на кухню. Шамякін.

2. Аброслы валаскамі, пушынкамі; нягладкі. Ля ракі маладая крапіва, на лозах калматыя каткі. Пташнікаў. Калі муць сплыла, Паўлік убачыў павука з калматымі ножкамі. Даніленка.

3. Разм. З густым, няроўным веццем, лісцем (пра расліны, дрэвы). А лес шумеў... Цёмны, калматы, ён падступаў як бы ўсё бліжай, бліжай. Гамолка.

4. перан. З няроўнымі, як бы пашматанымі на кавалкі краямі (пра хмары, клубы пары, туману і пад.). У начной цемры .. [хмара] нагадвала дым, бо спераду вілася злавеснымі калматымі клубкамі. Чарнышэвіч. Надвор’е нядобрае, сырасць і стынь. Калматыя хмары нібыта з аўчыны. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)