кары́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Бой тарэадора з быком (масавае відовішча ў Іспаніі і некаторых іншых краінах).
[Ісп. corrida.]
ка́рыес і карыёз, ‑у, м.
Запаленчы працэс у цвёрдай тканцы касцей, зубоў, які суправаджаецца гніеннем; кастаеда. Карыес зубоў.
[Лац. caries — гніенне.]
ка́рыесны і карыёзны, ‑ая, ‑ае.
Пашкоджаны карыесам, карыёзам. Карыесны зуб.
карыкату́ра, ‑ы, ж.
1. Малюнак, на якім хто‑н. або што‑н. намаляваны ў скажоным выглядзе для высмейвання. Моладзь тоўпілася перад газетай, жартавала з трапных карыкатур на Івана Гомана, на Радніка, на Гольдзіна. Шамякін. Пад карыкатурай, на якой быў намаляваны дзябёлы хлопец і каля яго малы, худзенькі юнак, стаяў подпіс: «Адгукнуўся на заклік». Арабей. // Пра сатырычны наказ з’яў рэчаіснасці ў іншых відах мастацтва, а таксама аб творах такога характару. Залішняя схільнасць да пераўвелічэння нарадзіла тут гратэск, які часам даходзіць аж да карыкатуры. Кучар.
2. перан. Смешнае, недасканалае падабенства да каго‑, чаго‑н. Можна і трэба даваць партыі тактычныя ўказанні і на выпадак перамогі, і на выпадак паражэння паўстання, і на выпадак склікання сапраўды ўстаноўчага схода рэвалюцыйным шляхам, і на выпадак склікання царом якой-небудзь карыкатуры на народнае прадстаўніцтва. Ленін.
карыкату́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць карыкатурнага.
карыкату́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да карыкатуры (у 1 знач.). Карыкатурны малюнак.
2. перан. Смешны, недарэчны. Мець карыкатурны выгляд.
карыкатуры́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Мастак, які малюе карыкатуры.
карыкатуры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да карыкатурыст.
карына́, ‑ы, ж.
Разм. Кусок, абломак дрэвавай кары. На дрывотні, пад варыўнёй, хлыстала па бервяне тонкая сасновая карына. Пташнікаў. Лёнька вярнуўся ў курэнь і сеў выразаць з хваёвай карыны пісталет. Капыловіч.
кары́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Чорны дробны вінаград без костачак.
[Ад геагр. назвы.]
кары́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Памянш.-ласк. да карына; невялікая карына. Антон нервова пальцамі адкалупаў нейкую карынку на зрубе калодзежа. Грамовіч.