Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

канкурэнтаздо́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які можа вытрымаць канкурэнцыю (у 2 знач.). Канкурэнтаздольныя фірмы.

канкурэ́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да канкурэнт.

канкурэ́нтны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канкурэнцыі (у 2 знач.), уласцівы ёй. Канкурэнтная барацьба.

канкурэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Саперніцтва ў чым‑н., барацьба за перавагу, за лепшыя вынікі ў дасягненні адной і той жа мэты. — Дзіўна, што .. [газета] захавалася да гэтага часу, вытрымала мацнейшую канкурэкцыю, — гаворыць клерк з захапленнем. Новікаў.

2. Барацьба паміж прыватнымі вытворцамі за больш выгадныя ўмовы вытворчасці і збыту тавараў пры таварным спосабе вытворчасці; барацьба паміж капіталістамі за забеспячэнне найбольшага прыбытку.

•••

Па-за канкурэнцыяй — пра чалавека ці прадмет, з якім ніхто або нішто не можа параўнацца.

[Ад лац. concurrere — бегчы разам.]

ка́нна, ‑ы, ж.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства каннавых, якая мае чырвоныя вялікія кветкі.

ка́ннавыя, ‑ых.

Сямейства буйных шматгадовых раслін, многія з якіх культывуюцца як дэкаратыўныя.

кано́н, ‑а, м.

1. Якое‑н. правіла, устаноўленае і ўзаконенае вышэйшай царкоўнай іерархіяй. Беларускія кніжнікі XVI–XVII стст. перакладалі рэлігійныя творы на «простую» мову, але з аглядкай — не нарабіць бы памылак, не адысці б ад царкоўных канонаў, не ўпасці б у ерась. Шакун.

2. перан. Кніжн. Правіла або сукупнасць правіл якога‑н. напрамку ў мастацтве. Класіцысцкія каноны. □ Паэт выступаў супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску і адкідваў прэч рэакцыйныя, антырэалістычныя «каноны» эстэтыкі сімвалізму. Майхровіч. // Тое, што з’яўляецца традыцыйнай, абавязковай нормай. Тэхнічныя каноны. □ [Мікалай] адкінуў бы прэч усе каноны ветлівасці, дагнаў бы Адама і з усёй сілы ўчапіўся б яму ў горла. Дамашэвіч.

3. Спіс рэлігійных кніг, прызнаных царквою ў якасці свяшчэннага пісання. Біблейскі канон.

4. Царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята і пад. Велікодны канон. Памінальны канон.

5. Паўтарэнне адной мелодыі рознымі галасамі, якія ўступаюць у спевы паслядоўна, адзін за другім, дакладна паўтараючы мелодыю першага голасу.

[Грэч. kanon.]

кано́нік, ‑а, м.

Саборны свяшчэннік у каталіцкай і англіканскай цэрквах.

[Лац. canonicus.]

каноплеапрацо́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да апрацоўкі канопляў, канаплянай трасты. Каноплеапрацоўчыя машыны.

каноплеўбо́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўборкі канапель, прызначаны для яе. Каноплеўборачная машына.