кано́н, ‑а, м.
1. Якое‑н. правіла, устаноўленае і ўзаконенае вышэйшай царкоўнай іерархіяй. Беларускія кніжнікі XVI–XVII стст. перакладалі рэлігійныя творы на «простую» мову, але з аглядкай — не нарабіць бы памылак, не адысці б ад царкоўных канонаў, не ўпасці б у ерась. Шакун.
2. перан. Кніжн. Правіла або сукупнасць правіл якога‑н. напрамку ў мастацтве. Класіцысцкія каноны. □ Паэт выступаў супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску і адкідваў прэч рэакцыйныя, антырэалістычныя «каноны» эстэтыкі сімвалізму. Майхровіч. // Тое, што з’яўляецца традыцыйнай, абавязковай нормай. Тэхнічныя каноны. □ [Мікалай] адкінуў бы прэч усе каноны ветлівасці, дагнаў бы Адама і з усёй сілы ўчапіўся б яму ў горла. Дамашэвіч.
3. Спіс рэлігійных кніг, прызнаных царквою ў якасці свяшчэннага пісання. Біблейскі канон.
4. Царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята і пад. Велікодны канон. Памінальны канон.
5. Паўтарэнне адной мелодыі рознымі галасамі, якія ўступаюць у спевы паслядоўна, адзін за другім, дакладна паўтараючы мелодыю першага голасу.
[Грэч. kanon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)