ка́ліва, ‑а, н.
1. Асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш. Прызбы паўрасталі ў зямлю, на стрэхах расла лебяда і мох. На Мікуцёвай хаце нават буяла каліва добрага жыта. Чорны. Конь усунуў галаву ў яслі і, разгортваючы мызай сена, пачаў шукаць у ім смачнейшых каліў. Галавач.
2. Разм. Адно зернетка (збожжа, маку, якога‑н. насення і інш.). З далоні на далонь перасыпаючы некалькі каліў лубіну, ён [Антон] задаволена заўважыў: — Малайцы! Стаховіч. Насенне адборнае, залатое, каліва ў каліва. Грамовіч.
3. перан. Разм. Пра самую малую колькасць чаго‑н. Газы няма ўжо, трэба пазычыць дзе каліва. Зарэцкі. Становішча, у якім апынулася злучэнне, было настолькі цяжкім, што выбіраць не было з чаго, трэба было ісці на любую прапанову, калі ў ёй было хоць каліва надзеі. Краўчанка.
4. у знач. прысл. Разм. Трошкі, крыху. Той, хто яшчэ хоць каліва спадзяваўся пра мінучасць вайны, кінуў сябе супакойваць. Гартны.
•••
Да (апошняга) каліва — усё, цалкам.
Ні каліва — ніколькі, ані.
калігра́ф, ‑а, м.
Той, хто піша прыгожа і разборліва.
каліграфі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каліграфіі; разборлівы і прыгожы (пра почырк). Каліграфічны почырк. Каліграфічнае пісьмо.
калігра́фія, ‑і, ж.
Майстэрства пісаць разборліва, роўным, прыгожым почыркам. Почырк у яго [вучня] добры, роўны, хоць ніякіх вал[ася]ных ліній няма, што з пункту гледжання каліграфіі — найгоршая загана. Ермаловіч. Віцька паспешна і не вельмі зважаючы на каліграфію і чыстату, выконваў пісьмовыя заданні. Васілевіч.
[Грэч. kalligraphia — прыгожы почырк.]
калідо́р, ‑а, м.
Праход, які злучае асобныя часткі кватэры, будынка. Калідор гасцініцы. Калідор інтэрната. □ Павялі [салдаты Міколку з дзедам] з пакоя ўсё тымі ж доўгімі змрочнымі калідорамі. Лынькоў. З аднаго пакоя ў другі цераз калідор.. прабегла маленькая старая жанчына з прасам у руках. Арабей. // Вузкі доўгі праход, прастора, абмежаваная з абодвух бакоў. Наверсе свішча вецер,.. але тут, у гэтым калідоры між стромкіх скал, яшчэ больш-менш ціха. Маўр.
калідо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да калідора. Калідорныя дзверы. □ [Коля] запыніўся ля калідорнага акна ў роздуме. Якімовіч.
2. у знач. наз. калідо́рны, ‑ага, м.; калідо́рная, ‑ай, ж. Той (тая), хто абслугоўвае нумары гасцініцы або камеры астрога. Хлебапёкамі, кухарамі, калідорнымі, падмятайламі былі толькі крымінальнікі, пераважна кароткатэрміновыя. Колас.
•••
Калідорная сістэма гл. сістэма.
калідо́рчык, ‑а, м.
Памянш. да калідор; невялікі калідор.
ка́ліевы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і калійны. Каліевая соль.
калі́зія, ‑і, ж.
Сутыкненне процілеглых поглядаў, імкненняў, інтарэсаў. Жыццёвая калізія. // Адлюстраванне жыццёвых канфліктаў і барацьбы ў мастацкім творы. Драматычная калізія. Сюжэтныя калізіі. □ Супярэчнасці паміж старым, .. паталагічным, з аднаго боку, і здаровым, новым.., з другога боку, — вось што складае сутнасць і змест калізіі аповесці. «Полымя».
[Лац. collisio.]
ка́лій, ‑ю, м.
Хімічны элемент, метал серабрыста-белага колеру.
•••
Марганцавакіслы калій — каліевая соль марганцавай кіслаты ў выглядзе цёмна-фіялетавых крышталяў.
[Араб. kali.]