Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

забуры́цца, ‑буруся, ‑бурышся, ‑бурыцца; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абваліцца, абрушыцца. Астаўся адзін толькі склеп, ды і той зусім забурыўся. Сачанка. Сцены .. [дзіцячага прыёмніка] забурыліся, а магчыма, былі збольшага разабраны для нейкіх патрэб. Карпаў.

2. Кінуцца, паваліцца (у ложак, на зямлю і пад.). Забурыўся спаць. □ Англічанін не адказаў — ён з грукам зачыніў за сабою дзверцы і забурыўся ў самы куток сядзення. Сачанка.

забуры́ць, ‑буру, ‑бурыш, ‑бурыць; зак., што.

Разм. Прымусіць упасці; абрушыць, абваліць. Забурыць плот. Забурыць будан.

забурэ́цца, ‑эецца; зак.

Разм. Тое, што і забурэць. Падымаешся, каліна ўсходзе толькі забурэецца неба. Пташнікаў.

забурэ́ць, ‑эе; зак.

Разм.

1. Пачаць бураць, стаць бурым. Жыта забурэла.

2. Паказацца, вылучыцца сваім бурым колерам (пра што‑н. бурае).

забутава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Напоўніўшы бутам, замацаваць; запоўніць, заваліць чым‑н. Забутаваць фундамент дома. □ Раж забутуюць каменнем і жвірам, і ён трывала стане на дно ракі ў аснову будучай перамычкі. Савіцкі.

забуто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да забутаваць.

забуто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. забутаваць.

2. Матэрыял, якім забутоўваюць што‑н.; бут.

забу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць бухаць.

забу́хкаць, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць бухкаць. Забухкалі гранаты, застрачылі кулямёты і аўтаматы, ўдарылі вінтоўкі. Шалёная страляніна злілася ў суцэльны гул. Курто.

забушава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; зак.

Пачаць бушаваць.