Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

панавалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; зак., чаго.

Разм. Тое, што і панавалакаць.

панава́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

1. Наваліць, нагрузіць на каго‑, што‑н. вялікую колькасць чаго‑н. Панавальваць галля на кастры. Панавальваць бярвення на машыны.

2. Накідаць у беспарадку многа чаго‑н.

3. звычайна безас. Нападаць у вялікай колькасці. Панавальвала снегу ўпояс.

4. Зрабіць шляхам валення многа чаго‑н. Панавальваць валёнак.

панава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. панаваць.

2. Улада, уладанне. У сатырычным часопісе «Маланка», які сістэматычна выходзіў з пачатку 1926 г.. высмейваліся самыя змрочныя бакі панавання польскіх памешчыкаў і буржуазіі. Палуян. Фашызм на злом галавы, з нахабнай і агіднай хваткай злачынца рваўся да панавання над светам.. Перкін.

3. Перавага. Калі гаварыць пра стыль К. Чорнага, дык першае, што кідаецца ў вочы, — гэта панаванне ў мастацкай фразе дзеяслова. Юрэвіч.

4. Кіруючае становішча каго‑н., галоўнае, значэнне.

панава́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Наварыць многа чаго‑н. Панаварваць страў.

панаваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Наварочаць, наваліць, накідаць, нагрувасціць у вялікай колькасці. Панаварочваць зямлі.

панава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае панскія замашкі. [Маці:] — Ты не шукай .. панаватае, бо яна табе жыць спакойна не дасць. Шукай сябе дзяўчыну простую, добрую, працавітую. Чорны.

панава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. Мець уладу над кім‑, чым‑н., уладарыць. Дні тры ў мястэчку панавалі белапалякі. Лынькоў. З гісторыі .. [Сярожка] цьмяна ўспамінаў, што некалькі вякоў там [у Мексіцы] панавалі іспанцы. Скрыпка.

2. Мець пераважнае распаўсюджанне; пераважаць. Зялёны колер розных адцен[ня]ў пануе тут над усім. В. Вольскі. Баявы настрой, які панаваў у пачатку сходу, хутка апаў, загаварылі пра дробязі, і то без запалу, абы не маўчаць. Хадкевіч. // Ахопліваць, запаўняць, напаўняць сабой усё. У лясным гушчары пануе спрадвечны змрок і цішыня. М. Ткачоў. Хлопцы маўчаць. Стоеная цішыня пануе некалькі хвілін. Навуменка.

3. Узвышацца над чым‑н. (пра горы, будынкі і пад.). Мы падымаемся на ўзвышша Бірса, якое пануе над усім наваколлем. В. Вольскі. [Дуб] уладна панаваў над шырокім прасцягам прысадзістага алешніку. Аляхновіч.

4. Быць галоўным у чым‑н., дзе‑н.; першынстваваць. То браў верх тоўсты.. голас, то панаваў галасок тоненькі. Бядуля.

5. Разм. Жыць у раскошы. У харомах прыгожых панавала сястра: клеці поўныя збожжа, а каморы — дабра. Машара.

панаве́ць, ‑ее; зак.

Зрабіцца навейшым, абнавіцца. На касынцы сапраўды было многа пылу, аж белы струменьчык мільгануў паўз вуха, як [дзяўчына] страпянула. Касынка адразу нібы панавела. Кулакоўскі.

панаве́шваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад панавешваць.

панаве́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Навешаць чаго‑н. у многіх месцах. Панавешваць бялізны. Панавешваць ліхтароў.