панаваць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
1. Мець уладу над кім‑, чым‑н., уладарыць. Дні тры ў мястэчку панавалі белапалякі. Лынькоў. З гісторыі .. [Сярожка] цьмяна ўспамінаў, што некалькі вякоў там [у Мексіцы] панавалі іспанцы. Скрыпка.
2. Мець пераважнае распаўсюджанне; пераважаць. Зялёны колер розных адцен[ня]ў пануе тут над усім. В. Вольскі. Баявы настрой, які панаваў у пачатку сходу, хутка апаў, загаварылі пра дробязі, і то без запалу, абы не маўчаць. Хадкевіч. // Ахопліваць, запаўняць, напаўняць сабой усё. У лясным гушчары пануе спрадвечны змрок і цішыня. М. Ткачоў. Хлопцы маўчаць. Стоеная цішыня пануе некалькі хвілін. Навуменка.
3. Узвышацца над чым‑н. (пра горы, будынкі і пад.). Мы падымаемся на ўзвышша Бірса, якое пануе над усім наваколлем. В. Вольскі. [Дуб] уладна панаваў над шырокім прасцягам прысадзістага алешніку. Аляхновіч.
4. Быць галоўным у чым‑н., дзе‑н.; першынстваваць. То браў верх тоўсты.. голас, то панаваў галасок тоненькі. Бядуля.
5. Разм. Жыць у раскошы. У харомах прыгожых панавала сястра: клеці поўныя збожжа, а каморы — дабра. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)