Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кадзь, ‑і, Т ‑ддзю, ж.

Вялікая драўляная пасудзіна з клёпак, сцягнутых абручамі, для захоўвання розных сельскагаспадарчых прадуктаў. Калі трохі вочы прывыклі да змроку, сталі відаць — кадзь з капустаю, кадушачка з агуркамі. Крапіва.

ка́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Невялікая кадзь; кадушка. Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі. Вялюгін. І [Маці] лічыць дні, Каб хутчэй дачакацца, Хлебны квас прыгатуе ў ліпавай кадцы. Панчанка.

ка́дміевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кадмію, мае ў сабе кадмій. Кадміевыя сплавы.

ка́дмій, ‑ю, м.

1. Хімічны элемент, серабрыста-белы метал, які знаходзіцца пераважна ў цынкавых рудах.

2. Жоўтая фарба розных адценняў, якая прымяняецца ў алейным жывапісе, кераміцы і інш.

[Лац. cadmium.]

кадр, ‑а, м.

1. Асобны здымак на кіна- або фотаплёнцы.

2. Асобная сцэна або эпізод з кінафільма. У некаторых кадрах пастаноўшчыкам удалося перадаць гераізм рускіх людзей. Новікаў. Кадр плыў за кадрам, Карціны змянялі карціны. Фільм пачынаўся. Куляшоў.

кадраві́к, ‑а, м.

1. Ваеннаслужачы кадравых войск. [Ян Стафанковіч] падбадзёрыўся.. і ішоў вельмі шпарка, трымаючы твар угару і размахваючы рукамі, быццам стары вайсковы кадравік на маршыроўцы. Чорны.

2. Кадравы работнік прадпрыемства, установы, арганізацыі. — Навучаць вас і ўсяму заводу дапамогуць. Тут многа кадравікоў, старых спецыялістаў. Кулакоўскі.

3. Разм. Супрацоўнік аддзела кадраў.

ка́дравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кадраў. Кадравая служба. Кадравы рабочы.

•••

Кадравае войска гл. войска.

ка́дры, ‑аў; адз. няма.

1. Пастаянны састаў воінскіх часцей, які не дэмабілізуецца ў мірны час. Служыць у кадрах.

2. Асноўны састаў кваліфікаваных работнікаў якой‑н. галіны дзейнасці, якога‑н. прадпрыемства, установы і пад. Тэхнічныя кадры.. Сельскагаспадарчыя кадры.

[Фр. cadres.]

кадры́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кадрылі. Кадрыльная мелодыя.

кадры́ля, ‑і, ж.

Танец з некалькіх фігур з цотным лікам пар, а таксама музыка да гэтага танца. Сыграць кадрылю. □ Хлопцы і дзяўчаты скакалі кадрылі, кружыліся ў лявонісе, у бясконцых крыжачках і польках. Лынькоў. Грукат, тупат колькі сілы Ды хлапечы дружны рогат — гэта пары йдуць кадрылю, Б’юць абцасамі падлогу. Броўка.

[Фр. quadrille.]