Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

капы́лле, ‑я, н., зб.

Капылы. [Мікіта] дамашнім спосабам, распарваючы ў печы ясень, гнуў палазы і вычэсваў капылле для саней. Галавач. На вокнах свежыя фіранкі ўсміхаюцца; прасцірадламі чыстымі пазасланы зэдлік і столік з шавецкім капыллем. Лынькоў.

капы́рсціцца, ‑ршчуся, ‑рсцішся, ‑рсціцца; незак.

Абл. Упарціцца, наравіцца; капрызіць. [Марце] думалася.., што дачка капырсціцца толькі датуль, пакуль справа не пастаўлена насур’ёз. Гартны.

капы́т, ‑а, М ‑пыце, м.

Рагавое ўтварэнне на канцы ног у некаторых млекакормячых. Калі-нікалі праязджала павольна калымага, .. пацоквалі падкаваныя конскія капыты. Колас. На паляне між дубоў — Шмат слядоў Ад капытоў. Муравейка. Адбіваецца кабылка Капытамі ад ваўкоў. Якімовіч.

•••

Задраць капыты — здохнуць (пра жывёліну), памерці (пра чалавека).

капы́тнік, ‑у, м.

Шматгадовая ядавітая балотная расліна сямейства ароідных з дробнымі кветкамі.

капы́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да капыта, капытоў. Капытныя хваробы. // Які мае капыты. Капытныя жывёлы.

2. у знач. наз. капы́тныя, ‑ых. Назва атрада млекакормячых, у якіх фалангі пальцаў пакрыты капытамі.

капыто́к, ‑тка, м.

Памянш.-ласк. да капыт. Прайшло колькі дзён, і Стрэлачка ўстала на ногі, застукала капыткамі па падлозе, пачала хадзіць каля канапы. Даніленка.

капы́ціцца, ‑ціцца; незак.

Разм. Спатыкацца (пра каня).

капы́ціць, ‑ціць; незак.

Разм. Біць, таптаць капытамі. Каровы беспрытульныя равуць, На межах згорбленых быльнёг ірвуць. А коней капыты капыцяць рунь. Пушча.

капэ́ла, ‑ы, ж.

1. Хор, а таксама змешаны ансамбль спевакоў і музыкантаў. Дзяржаўная харавая капэла. Капэла бандурыстаў.

2. перан. Разм. Кампанія, група блізка знаёмых асоб. [Віталія] падбівала сваіх акцёраў усёй капэлай пайсці да Сівалоба. Шамякін.

[Лац. capella.]

капюшо́н, ‑а, м.

Адкідны галаўны ўбор, прымацаваны ззаду да каўняра верхняй адзежыны. Плашч з капюшонам. □ Іван Васільевіч адкінуў капюшон, зняў шапку, каб выцерці пот. Шамякін.

[Фр. capuchon.]