Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

калекцыяні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Збіраць калекцыю. Калекцыяніраваць насякомых. □ — Разумееце, слабасць у мяне. Калекцыянірую карабкі ад запалак. Зуб.

кале́на, ‑а, н.

1. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Частка нагі, дзе злучаюцца бядровая і галёначная косці; месца згібу нагі. Сагнуць нагу ў калене. Абхапіць рукамі калені. □ Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Колас. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. // Частка адзення (штаноў, панчох і інш.), якая прыкрывае гэту частку нагі. Залатаць калені штаноў.

2. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Нага ад каленнага сустава да таза. Пасадзіць дзіця на калені. □ Унукі ўзбіраліся [дзеду] на калені, церабілі яго бараду, лашчыліся. Лынькоў.

3. мн. кале́ны, ‑ле́н. Частка чаго‑н. сагнутага, непрамога ад аднаго згібу або павароту да другога. Флейта складаецца з галоўкі і двух кален. Калена ракі. Калена дарогі. // Сам вугал згібу, павароту. У самавара не здымалася бляшаная, заломаная вострым каленам і ўстаўленая ў чалеснік труба. Дуброўскі.

4. мн. кале́ны, ‑ле́н. Разм. Асобная частка, закончаны матыў у музычным творы. Ударыў барабан на другое калена, на тое самае, дзе кракавяк ідзе на манер віхрыстай полькі. Кулакоўскі. Кадрылю ў пяць Ці сем кален, Сплючы, ён [скрыпач] мог іграць. Броўка. // Асобнае адметнае месца ў спевах птушак. Калены салаўінай песні. // Фігура ў танцы, скоках. Мы скакалі польку, танцавалі кадрылю аж па шаснаццаць кален, што нават падлога дрыжала. Гурскі.

5. мн. кале́ны, ‑ле́н. Пакаленне ў радаслоўнай. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. — Цяпер, калі я вам расказаў у двух словах радаслоўную Мухтара аж да шостага калена, вы мусіце зразумець, кім ён павінен быў стаць. Васілёнак.

•••

Вераб’ю па калена гл. верабей.

Выламаць з калена гл. выламаць.

Мора па калена гл. мора.

Поўзаць на каленях гл. поўзаць.

Ставіць на калені гл. ставіць.

Станавіцца на калені гл. станавіцца.

Стаць (упасці) на калені гл. стаць.

кале́ндула, ‑ы, ж.

Тое, што і наготкі.

[Лац. Calendula.]

кале́нка, ‑а; мн. каленкі, ‑нак; н.

Тое, што і калена (у 1, 2 знач.). Каленкі дрыжаць. Стаяць на каленках. □ Зусім прыстаў дзед Астап, падгіналіся каленкі ад доўгай дарогі. Лынькоў.

каленко́р, ‑у, м.

Баваўняная, моцна праклееная тканіна аднаколернай афарбоўкі. Пераплёт з каленкору.

•••

Іншы каленкор — зусім другая справа, іншая размова. — Давай, Андрушка, наладзім хор! — казаў раз пісар Лабановічу. — Я табе памагу! Разумееш ты, зусім іншы каленкор, калі ў царкве спявае добры хор. Колас.

[Ад фр. calencar — род баваўнянай пафарбаванай тканіны.]

каленко́равы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каленкору. Каленкоравая вытворчасць. // Зроблены з каленкору. Каленкоравая вокладка.

кале́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да калена (у 1 знач.).

•••

Каленны сустаў гл. сустаў.

кале́нца, ‑а, н.

1. Памянш.-ласк. да калена.

2. Асобнае сучляненне ў сцяблах злакавых, а таксама ў ствалах некаторых раслін. Каленца вінаграднай лазы. □ Тоўстыя з чырванаватымі каленцамі сцёблы стаялі густа адзін пры адным, як трыснёг ля рэчкі. Асіпенка.

•••

Выкінуць каленца гл. выкінуць.

кале́нчаты, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з некалькіх кален (у 3 знач.). Каленчаты вал. Каленчатая труба.

2. Які складаецца з каленцаў (у 2 знач.). Перад яго [Тапурыя] вачыма мільгалі пыльныя мяцёлкі, каленчатыя сцёблы. Самуйлёнак.

калео́птэр, ‑а, м.

Спец. Самалёт з кальцавым крылом, які ўзлятае вертыкальна.