кале́на, ‑а, н.
1. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Частка нагі, дзе злучаюцца бядровая і галёначная косці; месца згібу нагі. Сагнуць нагу ў калене. Абхапіць рукамі калені. □ Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Колас. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. // Частка адзення (штаноў, панчох і інш.), якая прыкрывае гэту частку нагі. Залатаць калені штаноў.
2. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Нага ад каленнага сустава да таза. Пасадзіць дзіця на калені. □ Унукі ўзбіраліся [дзеду] на калені, церабілі яго бараду, лашчыліся. Лынькоў.
3. мн. кале́ны, ‑ле́н. Частка чаго‑н. сагнутага, непрамога ад аднаго згібу або павароту да другога. Флейта складаецца з галоўкі і двух кален. Калена ракі. Калена дарогі. // Сам вугал згібу, павароту. У самавара не здымалася бляшаная, заломаная вострым каленам і ўстаўленая ў чалеснік труба. Дуброўскі.
4. мн. кале́ны, ‑ле́н. Разм. Асобная частка, закончаны матыў у музычным творы. Ударыў барабан на другое калена, на тое самае, дзе кракавяк ідзе на манер віхрыстай полькі. Кулакоўскі. Кадрылю ў пяць Ці сем кален, Сплючы, ён [скрыпач] мог іграць. Броўка. // Асобнае адметнае месца ў спевах птушак. Калены салаўінай песні. // Фігура ў танцы, скоках. Мы скакалі польку, танцавалі кадрылю аж па шаснаццаць кален, што нават падлога дрыжала. Гурскі.
5. мн. кале́ны, ‑ле́н. Пакаленне ў радаслоўнай. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. — Цяпер, калі я вам расказаў у двух словах радаслоўную Мухтара аж да шостага калена, вы мусіце зразумець, кім ён павінен быў стаць. Васілёнак.
•••
Вераб’ю па калена гл. верабей.
Выламаць з калена гл. выламаць.
Мора па калена гл. мора.
Поўзаць на каленях гл. поўзаць.
Ставіць на калені гл. ставіць.
Станавіцца на калені гл. станавіцца.
Стаць (упасці) на калені гл. стаць.