Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заду́мвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да задумацца.

2. Зал. да задумваць.

заду́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да задумаць.

задуме́ннасць, ‑і, ж.

Стан і ўласцівасць задуменнага. Нейкая дзяўчына, невысокая, без хусткі, ішла да ганка, крыху схіліўшы галаву ў задуменнасці. М. Стральцоў. Арон сядзеў перад акном, і цень глыбокай задуменнасці ўсё яшчэ бегаў па твары. Мурашка.

задуме́нне, ‑я, н.

Тое, што і задуменнасць. Анісся сядзела ля акна ў цяжкім задуменні. Лынькоў.

задуме́нны, ‑ая, ‑ае.

Паглыблены ў думкі, разважанні; задумлівы. Думкі пра інстытут цяпер прыносілі не радасць, а нудны боль. Андрэй стаў невясёлы і задуменны. Чарнышэвіч. Марынка сядзела задуменная, негаваркая, ні да чаго не дакраналася. Хадкевіч. // Які выражае роздум, задуменне. Бухгалтар зноў пачаў думаць. Задуменны позірк яго блукаў па кабінеце. Арабей. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны. Колас. // Які навявае думкі, схіляе да разважанняў. Гучаць беларускія мелодыі ў аркестры: ціхія, задуменныя, працягла-пявучыя і лірычныя. Сяргейчык. // перан. Маўклівы, таямніча-загадкавы. У ціхую пагоду зімовы лес маўклівы, задуменны і таямнічы. Машара.

заду́млівасць, ‑і, ж.

Стан і ўласцівасць задумлівага; задуменнасць. Неяк адразу ва ўсіх гарэзлівы настрой змяніўся задумлівасцю, засяроджанасцю. Бураўкін. Ніхто не пачутае велічнай задумлівасці прыроды. В. Вольскі.

заду́млівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і задуменны. Арцём, Захаравіч любіў дачку, ціхую, задумлівую, прыгожую дзяўчыну. Шамякін. Твары людзей былі стомленыя, задумлівыя. Шчарбатаў. Высокія сосны сустрэлі Сашку ціхім, задумлівым шумам. Даніленка.

заду́мны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Задуменны, задумлівы. Галя думала, што Альбіна проста хоча павадзіць яе па лесе, паказаць хараство яго. Але Альбіна ішла задумная, маўклівая. Сабаленка. Незвычайны агонь у задумных вачах, На каленях ляглі гуслі-баі. Купала. Алесь ішоў берагам паміж старых задумных хвой і прыслухоўваўся да іхняй таёмнай гаманы. Броўка.

заду́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад задурыць.

заду́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да задурыцца.