Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

капашы́цца, ‑пашуся, ‑пошышся, ‑пошыцца; незак.

Разм.

1. Шавяліцца, бязладна, мітусліва рухацца. У .. канаўцы капашылася мноства маленькіх галавасцікаў. Даніленка. Санліва папіскваючы, капашыліся ў галлі дрэў птушыныя вывадкі. Ракітны.

2. Корпацца, важдацца, капацца, будучы занятым якой‑н. справай. Меншыя дзеці капашыліся на агародзе, большыя — пілавалі, калолі і складалі дровы. Гурскі.

капе́ечка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да капейка.

•••

Абысціся ў капеечку гл. абысціся.

капе́ечнік, ‑а, м.

Разм. пагард. Дробязны, скупы чалавек.

капе́ечніца, ‑ы, ж.

Разм. пагард. Жан. да капеечпік.

капе́ечны, ‑ая, ‑ае.

1. Вартасцю або цаной у адпу капейку. Капеечная манета. // Які дае малую выгаду, невялікі прыбытак. [Вінгель] меў недзе паблізу тут прыгарадную хату, нейкае капеечнае рамяство ў руках. Чорны.

2. перан. Вельмі дробязны; нікчэмны. Капеечная хітрасць. □ Калі мы падраслі, — Не давала Радзіма заседзецца, Да ўтульных пярын, Да капеечных спраў прысуседзіцца. Панчанка.

капе́ж, капяжу і капяжа, м.

1. ‑у. Каплі дажджу або талага снегу, якія падаюць са стрэх. Трымаўся мароз, хоць сярод дня капяжы са стрэх выбівалі ў снезе на прызбах конаўкі. Шамякін. // Падзенне капель талага снегу. Учора і ўначы была адліга — з туманам і капяжамі, але на золку ўдарыў мароз. Карпаў. // Абл. Ледзяшы на стрэхах. Як весткі вясны, на стрэхах хат павіслі сіняватыя капяжы. Навуменка.

2. ‑а. Ніжні край страхі, даху, які выдаецца над сцяной. У вокны дождж буйны зазвоніць І з капяжоў руччом сцякае І снег жыўцом ён паядае. Колас.

3. ‑а. Месца падзення капель са стрэх. Сціх дождж, чуваць было, як ск[оч]ваюцца са страхі марудныя кроплі, звонка падаюць у капяжы. Лынькоў.

капе́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да капяжу. Капежная вада.

капе́йка, ‑і, ДМ ‑пейцы; Р мн. ‑пеек; ж.

1. Грашовая адзінка, роўная адной сотай рубля, а таксама манета гэтай вартасці. Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку. Гартны.

2. толькі мн. (капе́йкі, ‑пеек). Разм. Дробныя разменныя манеты. [Сяргей] разгарнуў кулак і паказаў капейкі. Брыль.

3. зб. Разм. Грошы, грашовыя сродкі. — Навучыўся — і добра, пасаду бяры, Можа й нам дапаможаш капейкай. Глебка. Беражы бацькаву капейку, то і сваю здабудзеш. Прыказка.

•••

Абысціся ў капейку гл. абысціся.

Без капейкі — без якіх‑н. сродкаў існавання.

Да (апошняй) капейкі — усё, цалкам, поўнасцю, без астатку (патраціць, заплаціць, атрымаць і пад.).

Жывая капейка — пра ўсё, што дае прыбытак, даход.

З капейкамі — трохі больш за якую‑н. суму (пры недакладных падліках).

Збіцца з капейкі гл. збіцца.

Капейка ў капейку — абсалютна дакладна, колькі патрабуецца.

Лішняя капейка — пра запас грошай.

На капейку — вельмі мала, зусім нямнога.

Ні за капейку — тое, што і ні за грош (гл. грош).

Ні капейкі (за душой) — зусім няма грошай.

Ні ў капейку не ставіць гл. ставіць.

Свежая капейка — толькі што заробленыя грошы.

У белы свет, як у капейку гл. свет.

Узбіцца на капейку гл. узбіцца.

Як адна капейка — зусім дакладна, ні больш ні менш (пра названую суму грошай).

Як адну капейку — усё поўнасцю (страціць, зрасходаваць, заплаціць і пад.).

капе́йчына, ‑ы, ж.

Разм. Пра невялікія, мізэрныя грошы. Сушчэвічаў бацька.. зямлі не араў і хлеба не сеяў, а пускаў у ход дробную капейчыну. Чорны.

капела́н, ‑а, м.

У каталіцкай і англіканскай цэрквах — свяшчэннік пры капліцы або дамашняй царкве. // Свяшчэннік у арміі.

[Лац. capellanus.]