капейка, ‑і, ДМ ‑пейцы; Р мн. ‑пеек; ж.

1. Грашовая адзінка, роўная адной сотай рубля, а таксама манета гэтай вартасці. Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку. Гартны.

2. толькі мн. (капейкі, ‑пеек). Разм. Дробныя разменныя манеты. [Сяргей] разгарнуў кулак і паказаў капейкі. Брыль.

3. зб. Разм. Грошы, грашовыя сродкі. — Навучыўся — і добра, пасаду бяры, Можа й нам дапаможаш капейкай. Глебка. Беражы бацькаву капейку, то і сваю здабудзеш. Прыказка.

•••

Абысціся ў капейку гл. абысціся.

Без капейкі — без якіх‑н. сродкаў існавання.

Да (апошняй) капейкі — усё, цалкам, поўнасцю, без астатку (патраціць, заплаціць, атрымаць і пад.).

Жывая капейка — пра ўсё, што дае прыбытак, даход.

З капейкамі — трохі больш за якую‑н. суму (пры недакладных падліках).

Збіцца з капейкі гл. збіцца.

Капейка ў капейку — абсалютна дакладна, колькі патрабуецца.

Лішняя капейка — пра запас грошай.

На капейку — вельмі мала, зусім нямнога.

Ні за капейку — тое, што і ні за грош (гл. грош).

Ні капейкі (за душой) — зусім няма грошай.

Ні ў капейку не ставіць гл. ставіць.

Свежая капейка — толькі што заробленыя грошы.

У белы свет, як у капейку гл. свет.

Узбіцца на капейку гл. узбіцца.

Як адна капейка — зусім дакладна, ні больш ні менш (пра названую суму грошай).

Як адну капейку — усё поўнасцю (страціць, зрасходаваць, заплаціць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)