каня́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑няцы, Т ‑ай, ж.
Разм. Пра слабага заезджанага каня. Худы каняка неахвотна перабіраў нагамі, апасліва паглядаючы касым вокам на пугу. «Полымя». Каняка на гарбіну моста ішла дробным, няроўным трухам. Гартны.
каняня́ і канянё, ‑няці; мн. ‑няці, ‑нят; н.
Разм.
1. Пра маларослага непрыгляднага каня. — Канянё было ў мяне хоць дужае, але гультаяватае — ідзе сабе памалу і, хоць ты зарэж яго, не пабяжыць. Бядуля. Аднойчы раніцай я прачнуўся і ўбачыў на двары нейкае малое заморанае каняня. Дамашэвіч.
2. Тое, што і жарабя.
каня́тнік, ‑а, м.
Разм. Пра ваўка, які душыць коней. Ён слухаў разам з намі воўчыя песні і расказваў, як учора ноччу конюх у іх на ўчастку з кладоўкі праз акно аблажыў аднаго старога канятніка. Пташнікаў.
каняфе́рма, ‑ы, ж.
Конегадоўчая ферма. Бацька атрымаў прэмію за лепшую каняферму ў вобласці. Арабей.
кап 1, выкл.
Ужываецца для перадачы гуку, які ўтвараецца ад удару каплі вады, вадкасці аб якую‑н. паверхню. Кап... кап... кап... Капяжу застылыя гукі У марознай аціхнуць цішы. Сіпакоў. // у знач. вык. Ужываецца ў значэнні дзеяслова ка́паць. А дожджык кап ды лап... Яму нічога, Што ўжо размокла, хлюпае дарога. Лось.
кап 2, ‑у, м.
Наплыў, нараст на ствале дрэва, які ўтвараецца ў выніку мясцовага разрастання тканкі і скарыстоўваецца на дробныя такарныя і сталярныя вырабы.
ка́па, ‑ы, ж.
Узорыстае пікейнае пакрывала на ложак. Заслаць ложак капай. □ У хатах радыё, гардзіны на вокнах, ложкі з капамі і рознымі накідкамі на падушках. Ермаловіч. На блакітную коўдру і падушкі накінута капа з карункамі. Гарбук.
[З лац. cappa.]
капа́ 1, ‑ы́; мн. ко́пы (з ліч. 2, 3, 4 капы́), коп; ж.
Куча сена, саломы, складзеная конусам; невялікі стажок. [На сенажаці] там-сям стаялі ўжо стагі, густа былі раскіданы копы і ляжала яшчэ не згрэбенае, але ўжо парыжэлае сена. Чарнышэвіч. На палетках зрэдку стаялі яшчэ не звезеныя копы, а ні бабак, ні мэндлікаў ужо зусім не было: уборка набліжалася к канцу. Кулакоўскі. // перан. Пра пышныя, густыя валасы. На самай макаўцы высокай капы каштанавых валасоў сядзеў маленькі.. капялюшык. Алешка. Капа светлаватых валасоў хвалямі спадала і рассыпалася па яе [Рэгініных] плячах. Лупсякоў.
капа́ 2, ‑ы́, мн. ко́пы (з ліч. 2, 3, 4 капы́), коп; ж.
Даўнейшая адзінка лічэння: шэсцьдзесят штук чаго‑н. Капа арэхаў. □ Густа-густа ляжаць тоўстыя снапы, капа напэўна дасць восем пудоў — не меней. Галавач. Гуркоў па сто дванаццаць коп узята з кожнай градкі. Вялюгін.
капа́ 3, ‑ы́; ж.
На Беларусі і Украіне ў часы феадалізму — сход сялян, які разглядаў судовыя справы і зямельныя спрэчкі. Беларускі селянін прынёс у горад свае традыцыйныя ўяўленні аб самакіраванні, якія з пакалення ў пакаленне замацоўвала сялянская абшчына і яе вышэйшы арган — сялянскі сход, ці так званая капа. «Полымя».
капаво́з, ‑а, м.
Машына для транспарціроўкі коп сена, саломы і складвання іх у стагі, а таксама для пагрузкі гною, сіласу і інш.
капакла́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Прыстасаванне для падбору саломы або сена з валкоў і складвання іх у копы.
капа́л, ‑у, м.
Цвёрдая выкапнёвая смала расліннага паходжання, лепшыя сарты якой ідуць на прыгатаванне лакаў, а горшыя — лінолеуму.
[Ісп. copal.]
капа́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Прылада для капання.