Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каме́я, ‑і, ж.

Камень або ракавіна з мастацкай разьбой, якія выкарыстоўваюцца для ўпрыгожвання ў брошках, пярсцёнках. // Брошка з такім упрыгожаннем.

[Іт. cammeo.]

камзо́л, ‑а, м.

Уст. Тое, што і камізэлька.

[Фр. camisole.]

камі́зм, ‑у, м.

Камічнае, смешнае ў людзях, здарэннях, сітуацыях. Камізм сітуацыі, падкладзенай у аснову твора, заснаваны на звычайным непаразуменні. Казека. Здаралася часам, што сапраўды трагічныя рэчы ў доктаравым доме прымалі адценне камізму. Васілевіч.

камізэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Кароткая адзежына без рукавоў і каўняра, якую надзяваюць на сарочку або блузку. Янаш быў у святочным адзенні. У камашах, новай кашулі і камізэльцы. Няхай. Бабка мая, калі добра прыгледзецца, зусім падобная на маму, толькі маршчын на твары шмат ды адзета не так: яна носіць спадніцу і зверху сарочкі нейкую камізэльку, якую заве кабатам. Якімовіч.

каміла́ўка, ‑і, ДМ ‑лаўцы; Р мн. ‑лавак; ж.

Высокі цыліндрычны галаўны ўбор з аксаміту, які даецца праваслаўным свяшчэннікам як знак узнагароды. Перад .. [вяскоўцамі] стаяў .. бацюшка ў пазалочанай рызе з камілаўкаю на галаве. Чарот.

[Грэч. kamēkaukion.]

камі́н, ‑а, м.

1. Пакаёвая печ малой цеплаёмкасці з адкрытай шырокай топкай пры падлозе. Граф узяў жалезны кіёчак і біў вуг[о]лле ў каміне. Гарэцкі. У замку ціш, і языкаты агонь коміна ліжа дровы. Вялюгін.

2. Электрычны або газавы прыбор для абагрэву пакоя.

[Ад грэч. kaminos — печ.]

камі́нак, ‑нка, м.

Выемка ў печы, дзе раскладалі агонь для асвятлення хаты. Добра помніцца Галі: на чорным камінку Аж да ранку гарэлі ўсю ноч смалякі. Гілевіч. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас.

каміна́р, ‑а, м.

Чысцільшчык комінаў. [Марціну Когуту] даводзілася не толькі рамантаваць коміны, але і чысціць іх. Такой справай ён займаўся далей ад сваёй вёскі, бо гэта работа была не ганаровая. Камінар! Чарнышэвіч. Будзе чысціць камінар Стылы комін важна, Каб не ўзнік пажар, — Абмяце ён сажу. Блатун.

камі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каміна. Камінная рашотка.

каміно́к, ‑нка, м.

1. Памянш.-ласк. да камін.

2. Абл. Лямпавае шкло. Хадосся падбегла, узяла ў Каленіка з рук камінок і выцерла яго. Лобан.