Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

набі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад набіць.

набі́ўка, ‑і, ДМ ‑біўцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. набіць (у 3, 4, 8 і 9 знач.).

2. Матэрыял, якім набіта што‑н.

набіўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Зроблены пры дапамозе набівання. Набіўны матрац.

2. З набітым узорам. Набіўная тканіна.

3. Які служыць для набівання. Набіўная машына.

набі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пранікнуць куды‑н., запоўніць сабою што‑н. (пра пясок, пыл і пад.). Снег заляпіў твар жанчыны, набіўся пад хустку. Асіпенка. Сарочка.. [Віктара] была падрана на шматкі, у валасы набілася леташняе сухое лісце. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. У той дзень зранку хадзіў.. [Павал] па раллі і поўныя лапці набілася яму пяску. Чорны. // Разм. Сабрацца ў вялікай колькасці дзе‑н., унутры чаго‑н. Звычайна.. [гурткоўцы] заходзілі ў прасторныя хаты, каб туды магло набіцца пабольш суседзяў. Рамановіч. / у безас. ужыв. Разам з мужчынамі ў хату набілася поўна жанок. Чарнышэвіч.

2. Разм. Напрасіцца, навязацца. Набіцца ў сааўтары. □ Алімпа сама набілася камандзіру схадзіць і разведаць, што дзеецца вакол. Сабаленка. Бойкі і спрытны прыгажун, Лясота сам і вельмі хутка набіўся да Руневіча з дружбай. Брыль.

•••

Бітком набіцца — найсці ў вялікай колькасці, шчыльна запоўніць сабою што‑н.

набі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. набі; зак.

1. чаго. Убіць, наўбіваць у значнай колькасці. Набіць цвікоў. Набіць калкоў.

2. што. Напоўніць, напхаць чым‑н. Свежым сенам сяннік гаспадыня набіла. Зарыцкі. Селі [старцы], адпачылі, люлькі тытунём набілі. Якімовіч. // Разм. Сабраўшыся ў вялікай колькасці, запоўніць. Народ густа набіў калідор. Мікуліч. Людзей найшло.. Набілі клуб — не дыхнуць. Пташнікаў.

3. што. Прыбіць зверху да чаго‑н. Набіць палатно на падрамнік.

4. што. Ударамі насадзіць. Набіць абруч на бочку. Набіць сякеру на тапарышча.

5. чаго. Разбіць у вялікай колькасці. Набіць шкла. □ Крыніцу назвалі «Тры браты», а каб пра гэта было ўсім вядома, набілі дробненькіх каменьчыкаў і па свежым тынку зрабілі надпіс. Дубоўка.

6. каго. Нанесці пабоі. Пачуўшы Цімкаў плач, выйшла з хаты бабка. Яна думала, што хто набіў хлопчыка. Кулакоўскі. Аканома набілі і прагналі з плантацыі. Караткевіч.

7. каго-чаго. Забіць вялікую колькасць жывёл, птушак і пад. Набіць качак. Набіць зайцаў.

8. што. Зарадзіць зброю з дула. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу. Колас.

9. што. Зрабіць узор асобым спосабам. Набіць рысунак на тканіне.

10. што. Зрабіць балючае пашкоджанне ўдарамі, трэннем. Набіць гуз. Набіць мазалі.

•••

Аскому набіць — тое, што і аскому нагнаць (гл. нагнаць).

Бітком набіць — напоўніць што‑н. вельмі цесна, шчыльна.

Набіць вока — набыць вопыт, уменне вызначыць што‑н. адразу.

Набіць кішэнь — займець вялікія грошы, зрабіцца багатым.

Набіць (наламаць) руку — зрабіцца спрактыкаваным, набыць вопыт у якой‑н. справе.

Набіць сабе цану — узвысіць сябе ў вачах іншых.

Набіць цану — тое, што і нагнаць цану (гл. нагнаць).

Ногі набіць — тое, што і ногі адбіць (гл. адбіць).

наблі́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад наблізіць.

2. Тое, што і прыбліжаны ​1 (у 2 знач.).

3. Тое, што і прыбліжаны ​2.

набліжа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да наблізіцца.

2. Зал. да набліжаць.

набліжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наблізіць.

набліжэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. набліжаць — наблізіць і набліжацца — наблізіцца.

наблі́зіцца, ‑бліжуся, ‑блізішся, ‑блізіцца; зак.

1. да каго-чаго і без дап. Рухаючыся, перамясціцца на больш блізкую адлегласць у адносінах да каго‑, чаго‑н. Наблізіцца да стала. Наблізіцца да будынка. □ Камендант наблізіўся да Арцёма, расшпіліў кабуру. Бажко. Хутка атрад наблізіўся да.. штаба брыгады. Сіняўскі. Усе прытаіліся і, калі паляўнічыя наблізіліся, хлапчукі пачулі голае Лёні. Ваданосаў. // без дап. Стаць больш блізкім у прасторавых адносінах. Станцыя наблізілася зусім нечакана. Гамолка.

2. Стаць больш блізкім па часу. Пакуль [Дубіцкія] павялі парадак у хаце, наблізіўся вечар. Чарнышэвіч. Праз два дні наблізіліся баі. Грахоўскі. Наблізілася старасць — захацелася адпачынку. Пестрак.

3. Стаць больш чутным. Лёгкія крокі неўзабаве наблізіліся да дзвярэй, у якія выйшла дзяўчына. Мурашка. Трэск галля наблізіўся, і Тоня крыкнула: — Стой! Хто ідзе?.. Шчарбатаў.

4. Стаць блізкім або бліжэй да каго‑, чаго‑н. Наблізіцца да народных мас.

5. Стаць падобным на каго‑, што‑н. Наблізіцца да ідэалу. Наблізіцца да сусветных стандартаў.